Автор работы: Пользователь скрыл имя, 04 Апреля 2012 в 14:50, курсовая работа
Мэта працы – вывучэнне сацыяльна-эканамічных і грамадска-палітычных працэсаў, якія адбываліся на тэрыторыі Глыбоччыны ў 1921—1939 гадах.
З пастаўленай мэты вынікаюць наступныя задачы:
1. высветліць, якім чынам адбывалося уключэнне тэрыторыі Глыбоччыны ў склад польскай дзяржавы;
2. разгледзець сацыяльна-эканамічнае становішча рэгіёна;
3. даць агульную характарыстыку грамадска-палітычнага жыцця на Глыбоччыне ў 1921–1939 гадах;
4. асвятліць дзейнасць асобных палітычных арганізацый на Глыбоччыне ў час знаходжання ў другой Рэчы Паспалітай.
1. ДАЛУЧЭННЕ ГЛЫБОЧЧЫНЫ ДА ПОЛЬШЧЫ І ЯЕ РАЗВІЦЦЁ
1.1. Далучэнне Глыбоччыны да Польшчы
1.2. Развіццё Глыбоччыны пад уладай Польшчы
2. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ СТАНОВІШЧА ГЛЫБОЧЧЫНЫ Ў 1921-1939
2.1. Прамысловасць у 1921 – 1939 гадах
2.2. Становішча сельскай гаспадаркі у 1921 – 1939 гадах
2.3. Палітыка польскага кіраўніцтва ў адносінах да мясцовага насельніцтва
3. ГРАМАДСКА-ПАЛІТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ ГЛЫБОЧЧЫНЫ Ў 1921-1939 ГАДАХ
3.1. Агульная характарыстыка палітычнага становішча
3.2. Дзейнасць Беларускай сялянска-рабочай грамады
3.3. Таварыства беларускай школы
3.4. Камуністычная партыя Заходняй Беларусі
ЗАКЛЮЧЭННЕ
СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ
Пад выглядам ліквідацыі цераспалосіцы польскі ўрад шырока праводзіў хутарызацыю, у выніку якой сяляне ўзамен раздробленых на вузкія палоскі зямель павінны былі атрымаць такую самую колькасць зямлі, але адзіным участкам. Да 1939 года на хутары было пераведзена 43 % усіх гаспадарак, якія карысталіся 45 % усёй сялянскай зямлі. Выгаду ад рэформы атрымала невялікая частка сялян, якія яшчэ да перасялення на хутары былі заможнымі. Пераход на хутары дазваляў палепшыць апрацоўку зямлі, павялічыць яе прадукцыйнасць. Гэта паспрыяла частковаму ажыўленню вытворчасці, яе інтэнсіфікацыі. Аднак малазямельным сялянам выхад на хутары амаль нічога не даваў. Больш таго, становішча большай часткі заходнебеларускіх сялян пагоршылася. Ва ўмовах агульнай гаспадарчай няўстойлівасці, нізкіх цэн на сельскагаспадарчыя прадукты і вялікіх банкаўскіх працэнтаў на пазыку (больш 12 %) тысячы сялян канчаткова разараліся і траплялі ў яшчэ большую залежнасць ад багатых.
Рэформа ліквідавалда сервітуты – агульныя абшчынныя ўчасткі зямлі, у выніку чаго сяляне пазбавіліся пашы для жывёлы, вадаёмаў і сенакосаў. Ліквідацыя сервітутаў для беларускіх сялян мела цяжкія вынікі. Падзелы сервітутаў былі на карысць больш заможным сялянскім гаспадаркам і пагоршылі становішча малазямельных і беззямельных. Пераход сервітутных зямель у рукі памешчыкаў пашыраў і ўмацоўваў эканамічныя пазіцыі землеўладальнікаў польскага паходжання, павялічваў малазямелле беларускага сялянства. Судовыя працэсы сялян за сервітуты заўсёды былі для іх безвыніковымі. Аграрныя пераўтварэнні вялі да ўзрастання дыферэнцыяцыі сялян, колькасць бедных жыхароў вёскі пачала няўхільна павялічвацца. Аб росце галечы сялян сведчыць рэзкае зніжэнне пакупніцкай здольнасці. У параўнанні з 1929 годам яна ў 1939 годзе стала ў 2,5 – 3 разы ніжэйшай [7, с. 180].
Сяляне павінны былі пастаянна выконваць дарожныя павіннасці – шарваркі, задарма працаваць на пабудове ці рамонце мастоў, дарог, грэбляў. Медыцынскае абслугоўванне з-за недахопу ўрачоў, дарагавізны медыкаментаў і лячэння было недаступна для большасці насельніцтва.
Польшча была слабаразвітай у эканамічным стаўленні краінай. Нацыянальны прыбытак яе быў малаважны. На ўтрыманне дзяржаўнага апарата, судоў, турмаў, паліцыі, дефензівы патрабаваліся велізарныя сродкі. Сродкі гэтыя выбіваліся з працаўнікоў жорсткай эксплуатацыяй. Штучна ўводзіліся высокія манапольныя кошты на прамысловыя тавары, прадметы першай неабходнасці і нізкія – на прадметы сельскай гаспадаркі. За дзясятак яйкаў селянін мог купіць толькі адну скрынку запалак, а за пуд хлеба – тры—чатыры асьмушкі махоркі.
Задушаныя шматлікімі падаткамі, жыхары Заходняй Беларусі трывалі ад разнастайных штрафаў. Напрыклад, штрафы былі прадугледжаныя за непафарбаваныя платы, за збор у лесе грыбоў або ягад. Асабліва каралі не толькі штрафамі, але і турэмным зняволеннем за самавольную пасадку тытуню.
Масавае беспрацоўе, зямельны голад, нечалавечая эксплуатацыя, надмерныя падаткі і штрафы даводзілі працаўнікоў да крайняй беднаты. Асабліва бязрадаснай была жыццё моладзі і дзяцей. Польская канстытуцыя прадугледжвала ўсеагульную пачатковую адукацыю. Але атрымаць яе было цяжка і часам немагчыма. Дзверы сярэдняй і вышэйшай школы для беднякоў былі зачыненыя. Пры ўсім жаданні бядняк не мог паслаць сваіх дзяцей туды вучыцца.
Усеагульны эканамічны крызіс у заходніх краінах (1929–1930) моцна адбіўся на стане насельніцтва Заходняй Беларусі, падаткі павялічыліся ў тры разы. Найбольш цяжкім з падаткаў быў пазямельны. Да яго далучаліся розныя надбаўкі, у тым ліку 10% надбаўка на экспартныя прэміі буйным землеўладальнікам і гандлярам хлебам. Падобна іншым падаткам пазямельны ўзрастаў з году ў год. Па Віленскім ваяводстве на аднаго плацельшчыка прыходзілася гэтага падатку (без надбавак): у 1929 годзе – 25,5, у 1930 годзе – 47 злотых. Падатковая палітыка дзяржавы асноўным цяжарам клалася на плечы беднага сялянства. Для самых дробных гаспадарак устанаўліваліся найбольш высокія пагектарныя стаўкі, у той час калі для найбольш буйных – самыя нізкія.
У выніку памешчык плаціў з 1 га зямлі ў 2 разы менш, чым селянін-бядняк або серадняк. Так, у Глыбокім у першыя гады крызісу гаспадарка плошчай у 15 га плаціла падаткаў 150 злотых, у 8 га – 100 злотых, у 1,5 га – 50 злотых. Такім чынам, за 1 га зямлі ў залежнасці ад яе памераў адпаведна плата была каля 10, 12,5, 33 злотых. Нягледзячы на выключна цяжкае становішча парцоўных у гады эканамічнага крызісу падаткі збіраліся паводле прызнання Віленскай гандлёва-прамысловай палаты з усёй бязлітаснасцю. Сярод рэпрэсіўных мер, якія выкарыстоўваліся ўладамі пры спагнанні падаткаў, шырокае прымяненне атрымалі экзекуцыі і ліцытацыі (публічныя таргі). Калі ў 1927–28 гадах у Віленскім ваяводстве мелі месца 12747 экзекуцый, то ў 1929–30 гадах – 29843. Тым не менш, у наступныя гады адбывалася далейшае павелічэнне падатковай запазычанасці. Па Віленскім ваяводстве ў канцы першага квартала 1933 года нядоімкі па дзяржаўных падатках склалі 16 266 злотых, што амаль на 50% перавысіла ўзровень 1929 года.
У 1933 годзе Дзісенскі павет ахапіў голад. Па звестках польскага друку, у Пастаўскім, Браслаўскім, Дзісенскім, Свянцянскім і часткова Вілейскім паветах Віленскага ваяводства ў канцы 1933 года галадала каля 20 тысяч сямей. Да сакавіка 1934 года гэтыя ж паказчыкі дасягнулі 40 тысяч. Па самых сціплых падліках да вясны 1934 года тут галадала каля 200 тысяч чалавек. Вясной 1932 года эпідэмія тыфу ахапіла Дзісенскі павет.
Сотні тысяч беззямельных і малазямельных сялян Заходняй Беларусі змушаныя былі блукаць з торбай на плечах ад горада да горада ў пошуках працы і кавалка хлеба. Але і гарады былі перапоўненыя беспрацоўнымі. Галеча і адчай у пошуках работы і хлеба гналі тысячы працоўных за мяжу. Вельмі шмат людзей у пошуку лепшай долі ад’язджалі ў краіны Паўднёвай Амерыкі, ЗША, Канаду. З 1925 па 1938 год з трох ваяводстваў Заходняй Беларусі выехалі на пастаяннае жыхарства 78,1 тысяч чалавек [18, с. 219].
Такім чынам, у сельскай гаспадарцы назіраўся застой, матэрыяльнае становішча сялян пагаршалася. Гаспадарка была амаль натуральнай. Была вялікая колькасць малазямельных і беззямельных сялян. Яны з’яўляліся асноўнай крыніцай наёмнай рабочай сілы і масавага беспрацоўя.
Цяжкае сацыяльнае і эканамічнае становішча дапаўнялася паліцэйскім тэрорам. Па ўсёй тэрыторыі “усходніх крэсаў” лютавалі карныя экспедыцыі, якія называліся пацыфікацыяй (уціхамірваннем). У час пацыфікацый паліцэйскія разбуралі хаты сялян, знішчалі іх маёмасць, учынялі масавыя экзекуцыі. Пасля такога разбою жыхарам вёсак забаранялася запальваць святло вечарам, збірацца групамі, хадзіць у іншыя вёскі. Вядучая роля ў правядзенні тэрору належала тайнай палітычнай паліцыі – дэфензіве. Яна шырока карысталася метадамі правакацый, паклёпу, запалохвання і фізічных катаванняў [6, с. 365].
Кіраўнікі буржуазнай Польшчы на тэрыторыі Заходняй Беларусі праводзілі вялікадзяржаўную, шавіністычную палітыку. Яны не прызнавалі беларусаў за нацыю і мелі на мэце паланізаваць цэлы народ. Працоўныя Заходняй Беларусі цярпелі жорсткі нацыянальны прыгнёт і поўнае палітычнае бяспраўе. Па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора польшча абавязвалася прадаствіць беларускаму і ўкраінскаму насельніцтву “ўсе правы, якія забяспечваюць свабоднае развіццё культуры, мовы і выкананне рэлігійных абрадаў” [6, с. 360], выбарчыя правы нароўні з палякамі. Аднак на практыцы ўсё было інакш. За беларускай нацыяй не прызнавалася права на існаванне, ставілася задача яе поўнага знішчэння.
Жыхарам Заходняй Беларусі, у тым ліку і Глыбокага імкнуліся давесці, што беларускай нацыянальнасці ніколі не было, каб гэтым самым знішчыць у беларускім народзе нацыянальную самасвядомасць. У 1921–1931 гадах польскія ўлады правялі перапіс насельніцтва краіны для вызначэння яго нацыянальнага складу. Згодна з гэтым перапісам у Заходняй Беларусі пераважалі палякі. Беларусы складалі толькі 28%, палякі – 49%. У графу польскай нацыянальнасці запісвалі прыслугу панскіх маёнткаў, людзей, якія хадзілі маліцца ў касцёл, бо цэрквы былі зачыненыя і г.д..
На самай справе ў 1931 годзе ў Заходняй Беларусі было больш за 77% беларусаў, палякаў – каля 10%. Робячы махінацыі ў час перапісу, польскія ўлады імкнуліся паказаць свае правы на захопленыя землі, выкараніць у свядомасці беларускага народа пачуццё нацыянальнай годнасці.
Беларус, які не згаджаўся стаць палякам, ставіўся ў невыноснае становішча. У горадзе яму было цяжка ўладкавацца на працу, на вёсцы беларускія землі ў першую чаргу прадаваліся палякам-каталікам. Палякі лічыліся прадстаўнікамі вышэйшай расы, беларусы – рабамі, якія мелі абавязкі і ніякіх правоў.
Асабліва жорскія захады рабілі польскія ўлады па ліквідацыі беларускай мовы. Тых, хто чытаў і пісаў на беларускай, а не на польскай мове, лічылі непісьменнымі і пазбаўлялі выбарчага права. Забаранялася карыстацца беларускай мовай ва ўрадавых установах, арганізацыях сувязі, транспарту і органах мясцовага самакіравання. Польскія ўлады ўпарта праводзілі палітыку выкаранення беларускай культуры, жорстка праследавалася беларуская прэса, закрываліся выдавецтвы, клубы, бібліятэкі, праваслаўныя цэрквы і г.д.. дзеячаў беларускай культуры зневажалі, арыштоўвалі і кідалі ў турмы [2, с. 361]
Мясцоваму насельніцтву прывівалі польскую буржуазную культуру. У Глыбокім, як і ва ўсёй Заходняй Беларусі, быў створаны шэраг фашысцкіх і нацыяналістычных арганізацый. З дапамогай ксянзоў, памешчыкаў, чыноўнікаў, настаўнікаў і асаднікаў праводзілася узмоцненая паланізацыя насельніцтва, вялася актыўная агітацыя супраць СССР і БССР.
Для правядзення агітацыйнай працы і працы па апалячванню насельніцтва быў пабудаваны ў Глыбокім спецыяльны дом, у якім адбываліся зборы розных арганізацый. Была таксама пабудаваная на беразе Березвечскага возера прыстань для лодак і пры ёй будынак для збораў і забавы моладзі.
Асаблівая ўвага надавалася рэлігіі. Ксянзы ўсяляк імкнуліся прыцягнуць праваслаўных у каталіцызм і нават заклікалі ў Глыбокае ўніяцкага святара, які выступаў перад праваслаўнымі з заклікам пераходзіць ва ўнію. Беларусы не мелі права займаць пасады ў дзяржаўных установах, войску, а таксама працаваць на некаторых прадпрыемствах. У мэтах паланізацыі праваслаўным святарам было прапанавана вывучыць польскую мову, размаўляць на гэтай мове ў царкве і прамаўляць пропаведзі. У дзяржаўных установах наведвальнікам забаранялася размаўляць на беларускай мове. У паланізацыі беларускага насельніцтва каталіцкая царква адыгрывала вядучую ролю. Дастаткова беларусу было памяняць веру з праваслаўнай на каталіцкую, як польскія ўлады аўтаматычна адносілі яго да польскай нацыянальнасці. Разам з гэтым у яго павялічвалася магчымасць атрымаць работу на прадпрыемстве або парабкам у памешчыка ці асадніка.
Каб паскорыць паланізацыю, польскія ўлады звярнулі ўвагу і на школы. Не маючы сваіх настаўніцкіх кадраў, яны ўжо ў першыя гады свайго панавання паслалі настаўнікаў, якія жадалі працаваць у школах, на курсы польскай мовы і перападрыхтоўкі ў Кракаў. Тыя, хто праслухаў курсы і вытрымаў іспыт, атрымлівалі працу ў школах.
Такім чынам, у 1921–1939 гадах на тэрыторыі Заходняй Беларусі, куды ўваходзіла і Глыбоччына, праводзілася жорсткая палітыка паланізацыі. Асноўнымі метадамі яе правядзення былі тэрор, масавыя арышты, здзекі і катаванні. У выніку ўжо ў сярэдзіне дваццатых гадоў усе беларускія і рускія школы былі зачыненыя. Выкладанне ў школах было пераведзена на польскую мову. Кнігі і газеты на беларускай мове былі забароненыя. Беларуская нацыянальная культура праследавалася, закрываліся беларускія газеты, бібліятэкі. У Заходняй Беларусі не было ніводнага беларускага тэатра, ніводнай музычнай установы, адсутнічалі нацыянальныя радыё і кіно, у поўным заняпадзе было выяўленчае мастацтва, архітэктура. Па стану на 1939 год 35 % насельніцтва краю не ўмела чытаць і пісаць.
У 1922 годзе адбыліся першыя выбары ў польскі сейм і сенат. Удзел у гэтых выбарах прынялі і прадстаўнікі беларускіх зямель, якія імкнуліся абараняць беларускія нацыянальныя інтарэсы. У той жа час існавала і групоўка праціўнікаў удзелу ў гэтых выбарах. Праціўнікі ўдзелу лічылі, што сам падобны факт раўназначны з прызнаннем беларусамі захопу Польшчай заходнебеларускіх зямель і адрачэннем ад ідэі дзяржаўнай незалежнасці і непадзельнасці Беларусі [14, c. 212].
Аднак да сярэдзіны 1922 г. асноўныя беларускія арганізацыі ў Польшчы паспяхова справіліся з унутранымі рознагалоссямі ў справе тактыкі далейшага змагання. На гэта аднолькава паўплывалі як знешнія, так і ўнутраныя фактары. У выніку з ліпеня 1922 г. распачалася першая выбарчая кампанія.
Выбраныя ў сейм дэпутаты называліся пасламі. Адзінаццаць паслоў ад беларускіх зямель утварылі “Беларускі пасольскі клуб”, з якога у другой палавіне 1923 года вылучылася левае рэвалюцыйна-дэмакратычнае крыло ў складзе Б. А. Тарашкевіча, С. А. Рак-Міхайлоўскага, П. В. Мятлы, П. П. Валошына. 27 ліпеня 1923 года П. В. Мятла накіраваў дэпутатцкі запыт міністрам унутраных спраў унутраных спраў і юстыцыі адносна ўтрымання зняволеных у глыбоцкай турме. Ён пісаў, што людзі ўтрымліваюцца ў турме як жывёла ў хляве, хварэюць, заражаюць адзін аднаго. Вар выдаецца толькі тым, хто ходзіць на рэгламентныя работы, арыштаваных збіваюць [23, с. 75].
Аднак палітычная сітуацыя для дзейнасці пасольскага клуба была неспрыяльная: у 20-я гады ў Польшчы, як ні ў адной з краін у той час, шырока праходзілі масавыя судовыя працэсы (за 5 гадоў праведзена 5 паказальных судоў над палітычнымі супраціўнікамі). Пасольскі клуб быў разагнаны. Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, П. Мятла, П. Валошын атрымалі па дванаццаць гадоў турмы. Напружанае унутрыпалітычнае становішча было выкарыстана пілсудчыкамі (так у Польшчы з 1918 года афіцыйна зваліся палітычныя прыхільнікі Пілсудскага), якія ажыццявілі 12–14 мая дзяржаўны пераварот і ўсталявалі ў краіне рэакцыйны “санацыйны рэжым” [16, с. 296]. Хваля падаўлення асабліва моцна ўзнялася пасля ваеннага перавароту 1926 года, які даў Ю. Пілсудскаму ўладу дыктатара. Магчымасці парламенцкай працы, дастаткова абмежаваныя для прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей і да майскага перавароту, пасля яго звузіліся да мінімуму. Фікцыяй стала нават парламенцкая недатыкальнасць, што беларускія дэпутаты адчулі на практыцы. 5 снежня 1926 г. на павятовым з’ездзе БСРГ ў Старабярозаве Бельскага павета прысутныя там паслы-грамадоўцы П.Валошын і П.Мятла былі жорстка пабітыя паліцыяй [16, c.156].
Информация о работе Глыбоччына ў перыяд другой Рэчы Паспалітай у 1921—1939 гады