Автор работы: Пользователь скрыл имя, 17 Ноября 2011 в 15:48, реферат
Беларуская літаратура ХУІІ-ХУІІІ стст. развівалася ў вельмі неспрыяльных умовах узмацнення нацыянальна-рэлігійнага прыгнёту, палянізацыі вярхоў грамадства, звужэння сферы ўжывання беларускай мовы. Яны стрымлівалі развіццё нацыянальнай літаратуры, якая стала, у асноўным, рукапіснай і ананімнай. Шмат з яе помнікаў да нашага часу не дайшлі або яшчэ не знойдзены, а вядомыя творы з цяжкасцю паддаюцца дакладнаму датаванню і лакалізацыі.
Сваімі творамі М. Сматрыцкі ўвайшоў у гісторыю старажытнай беларускай літаратуры як адзін з заснавальнікаў новага літаратурнага стылю – барока.
Яркім прадстаўніком дэмакратычнага напрамку ў царкоўна-палемічнай публіцыстыцы быў Афанасій Філіповіч, які ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры як аўтар яркіх артыкулаў, аб’яднаных ім пазней у адзіны твор пад назвай “Дыярыуш”. У сваім публіцыстычна-палемічным “Дыярыушы” (дзённіку) аўтар імкнуўся праўдзіва апісаць жыццё абяздоленых народных мас і на канкрэтных прыкладах паказаць, хто і ў чым вінаваты за шкодны курс дзяржаўнай палітыкі. Для яго важней за ўсё былі не абстрактна-схаластычныя багаслоўскія спрэчкі, а пытанні грамадска-палітычнага и рэлігійнага жыцця народа. Вось чаму ў яго творах няма штучнай кніжнай рыторыкі, якая характэрна для творчасці Ю. Сматрыцкага.
“Дыярыуш” А. Філіповіча аб’ядноўвае ў адно цэлае дарожныя і тлумачальныя запіскі аўтара, яго ўспаміны, дзённікі і аўтабіяграфічны нарыс аб пражытым і перажытым, легенды і містычныя прывіды, пасланні і пісьмы, яго выкрывальныя прамовы і інш. У жанравых адносінах ён ўяўляе сабой своеасаблівае спалучэнне твораў гісторыка-мемуарнай літаратуры і помнікаў палемічнай публіцыстыкі. Раскрываючы сутнасць царкоўнай уніі, пісьменнік звяртаў асаблівую ўвагу на тое шкоднае, што прынесла гвалтоўнае насаджэнне уніі праваслаўнаму насельніцтву Беларусі, паказваў, каму выгадна гэта унія і хто асабіста павінен несці за яе адказнасць. Паўвекавую гісторыю існавання царкоўнай уніі паказвае як страшэнную гісторыю ганенняў і здзекаў над сумленнем і духоўным жыццём беларускага народа. Асабліва небяспечнымі ворагамі беларускага народа называе езуітаў, каталіцкіх капланаў, уніяцкіх верхаводаў і апалячаных мясцовых веадалаў. Не абмінуў суровай крытыкай і дзейнасць вышэйшага праваслаўнага духавенства, якое адзначалася абыякавасцю да лёсу простага праваслаўнага люду і якое абурала імкненне да асабістай славы, раскошы і багацця.
У “Дыярыушу” ўсё заснавана на ўласных назіраннях пісьменніка над рэальным жыццём і пададзена з уласцівай толькі Філіповічу манерай пісьма, у якой надзвычай ярка адлюстраваліся яго перакананні, меркаванні і ў пэўнай ступені нават сам характар яго душэўнага стану. Для стылю Філіповіча характэрныя народныя прымаўкі, паўторы і воклічы, шырокае выкарыстанне дыялога, разгорнутыя параўнанні і інш.
Каларытнасць і разнастайнасць стылявых адценняў, багацце апавядальных сродкаў і мастацкіх прыёмаў робяць “Дыярыуш” А. Філіповіча адным з яркіх помнікаў палемічнай літаратуры, у якім знайшлі адлюстраванне пэўныя грані гераічнай барацьбы беларускага народа супраць феадальна-каталіцкай агрэсіі за свае нацыянальна-рэлігійныя правы, культуру, звычаі і традыцыі напярэдадні шырокага вызваленчага руху сярэдзіны ХУІІ ст.
З пераходным перыядам звязаны першыя прыкметныя крокі бкларускай драматургіі. Яна была прадстахлена камічнымі інтэрмедыямі (інтэрлюдыямі) да школьных драм, якія ставіліся на сцэнах мясцовых іезуіцкіх калегій (Гародня, Полацк, Орша). Ставараліся гэтыя драмы выкладчыкамі ў адпаведнасці з канонамі паэтыкі і выконваліся вучнямі з нагоды рэлігійных святаў, публічных экзаменаў і прыезду знакамітых асоб. У ролі гледачоў выступалі тыя ж вучні, іх бацькі, мясцовая шляхта, зрэдку простыя гараджане. Прадстаўленні служылі ўцілітарным, дыдактычным мэтам – лепшаму засваенню вучэбнага матэрыялу.
Школьныя драмы пісалі на лацінскай мове (радзей – на польскай і стараславянскай). Сюжэты для іх браліся з Бібліі (стварэнне свету, нараджэнне, мукі і ўваскрэсенне Хрыста), жыцій святых, антычнай і славянскай гісторыі.
Больш дэмакратычнымі былі інтэрмедыі, якія ўключаліся ў школьныя драмы “для разрадкі”. Яны напісаны на больш зразумелай гледачу беларускай (ці польскай) мове. Сюжэты інтэрмедый браліся пераважна з навакольнай рэчаіснасці (“Размова Івана са слугой”, “Схізматык і уніят-католік” и інш.). Усяго ад езуіцкага школьнага тэатра захавалася больш як 20 беларускіх і польска-беларускіх празаічных і вершаваных інтэрмедый. Іх дзеючыя асобы – селянін, польскі пан, яўрэй, казак, цыган, поп, слуга. Асаблівасцю інтэрмедый з’яўляецца тое, што яны былі разлічаны на менш адукаванага гледача.
Значнага развіцця ў часы барока дасягнула беларуская лірычная паэзія – духоўная і свецкая. Духоўная лірыка была прадстаўлена рэлігійнымі, пераважна уніяцкімі гімнамі, псалмамі, дыдактычнымі вершамі. Крыніамі для іх з’яўлялася Біблія, жыцця святых, апакрыфічныя і царкоўна-рэлігійная літаратура.
Найбольш значнымі прадстаўнікамі высокага стылю з’яўляліся Сімяон Полацкі і Андрэй Белабоцкі, літаратурная спадчына якіх адначасова належыць беларускай і рускай літаратурам.
Сімяон Полацкі на свой час быў выдатны вучоны, філосаф-асветнік, педагог і пісьменнік – у вершах, прозе і драме. Акрамя роднай беларускай мовы ён дасканала ведаў лацінскую, польскую і царкоўнаславянскую мовы, пісаў на гэтых мовах вершы, прамовы, навуковыя трактаты. Як высокаадукаваны настаўнік і пісьменнік, С. Полацкі аднолькава добра ведаў славянскую і заходнееўрапейскую культуры і імкнуўся да іх сінтэзу.
С. Полацкі распрацоўвае новы для старажытнай беларускай літаратуры публіцыстычны жанр дэкламацыі. Найбольш раннім яго ўзорам з’яўляюцца “Метры”, прысвечаны прыезду цара Яляксея Міхайлавіча ў Полацк. З услаўленнем рускага цара як вызваліцеля Беларусі звязаны многія дэкламацыі С. Полацкага. Гэта не было выпадковым. Пасля падзей, звязаных з ваенным “патопам” 1650-1660 гг., казацка-сялянскіх паўстанняў, а таксама пагрозай захопу шведамі Беларусі і Літвы, С. Полацкі пачаў ускладаць надзеі, што яго Радзіму выратуе палітычны саюз з Расіяй. Вось таму і былі напісаны хвалебныя “метры” – тэатралізованыя сілабічныя вершы.
У творчасці С. Полацкага на першы план вылучаецца гістарычны лёс народа, абарона яго культурных і бытавых традыцый, ідэя ўз’яднання з Расіяй.
Часам росквіту паэтычных здольнасцей С. Полацкага стаў перыяд яго жыцця ў Маскве. За шаснаццаць гадоў жыцця там паэт напісаў вялікую колькасць вершаў, дзве п’есы, некалькі твораў царкоўна-рэлігійнага характару. Свае вершы маскоўскага перыяду С. Полацкі аб’яднаў у два зборнікі – “Вертоград многоцветный” і “Рифмологион”. У першым з іх паэт каля паўтары тысячы вершаў размасціў у алфавітным парадку. Найбольш значнымі з іх з’яўляюцца тыя, якія прысвечаны крытыцы сацыяльных заган. У такіх вершах, як “Купецтво”, “Монах”, “Клеветник” і інш., паэт узнімаецца да шырокых грамадскіх абагульненняў. Іншы характар носіць зборнік “Рифмологион”, у якім сабраны творы панегірычнага характару.
Значную
з’яву складаюць таксама п’есы
С. Полацкага “Комедия притчи о блудном
сыне” і “Трагедия о
У шматжанравай літаратурнай спадчыне С. Полацкага ёсць нямала твораў і фрагментаў з іх, дзе разглядаюцца ідэйна-філасофскія і эстэтычныя праблемы мастацкай творчасці – літаратуры, музыкі, жывапісу. Прыгожасць, пераконваў С. Полацкі, ёсць духоўная і душэўная “карысць” для людзей. Няма паэзіі без “красногласия”, няма жывапісу, музыкі, разьбярства і дойлідства без гармоніі, прапорцыі і рытму. Паэзію ён параўноўваў з прыгожым садам, філасофію – з пчалой, іто збірае “мёд мудрасці”. Праз музыку і слова незадаволеныя становяцца цярплівымі, гультаяватыя – працавітымі, гняўліўцы – лагоднымі, неразумныя – мудрымі, блудлівыя – чыстымі сэрцам.
Такім чынам, літаратурная і філасофска-асветніцкая дзейнасць С. Полацкага, яго выдатныя здабыткі ў галіне распрацоўкі новых паэтычных форм і жанраў у значнай ступені вызначылі развіццё беларускай і рускай літаратур амаль на цэлае стагоддзе. Творчасць і шматгранная асветніцкая дзейнасць Полацкага і была накіравана на культурнае збліжэнне з еўрапейскай культурай.
Галоўным паэтычным творам Белабоцкага Андрэя стала паэма “Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх…” (“Пяцікніжжа”). Яна напісана стараславянскай мовай, у якой адчуваецца ўплыў беларускай мовы. У паэме сцвярджаецца марнасць зямнога быцця, падрабязна апісваюцца карціны пякельных пакут, канца свету. Паэма “Пентатэугум” напоўнена глыбокім трагізмам, мусным розумам аб смерці і пякельных пакутах. Трагічныя ноткі аб непазбежнасці смерці нярэдка спалучаюцца ў Белабоцкага з бытавымі малюнкамі штодзённага жыцця.
Аднак пры ўсёй містычнасці аўтар не траціў сувязей з рэальнасцю, рэзка крытыкаваў несправядлівы падзел багаццяў пры феадальным ладзе, паразітызм пануючага класа.
У асобе А. Белабоцкага – аднага з найбольш адукаваных людзей свайго часу – мы маем арыгінальнага паэта і мысліцеля ХУІІ ст.
У першай палове ХУІІІ ст. адбываецца паступовае адміранне духоўнай паэзіі.
У свецкай лірыцы другой паловы ХУІІ – першай паловы ХУІІІ ст. знайшлі адлюстраванне злабадзённыя пытанні часу: сацыяльная няроўнасць, бесчалавечнасць феадальнага грамадства, злоўжыванне мясцовых улад. Аб’ектам крытыкі, асмяяння з’яўляліся таксама розныя чалавечыя парокі.
“Сярэдняя” і “нізкае” барока прадстаўлена ў паэзіі пераважна песенна-інтымнай лірыкай. Больш масавая па ўзнікненню і распаўсюджванн., гэтая лірыка ў адрозненне ад “высокай” паэзіі была трывала звязана з народнай творчасцю, з жывой, гутарковай мовай.
Беларуская любоўная лірыка – спецыфічная, характэрная з’ява другой паловы ХУІІ – першай паловы ХУІІІ ст. Яна нараджалася і развівалася ў асяроддзі мяшчанства, збяднелай шляхты. Яе аўтарамі былі шкаляры і бакаляры, напаўпрафесійныя акцёры і музыканты – ўсе тыя, хто, вандруючы ў пошуках ведаў і ўражанняў, зарабляў сабе на хлеб вершам і песняй. У тагачаснай інтымнай паэзіі прысутнічае народны погляд на каханне, які далёкі ад рэлігійнага кансерватыўнага меркавання, вызначаецца жыццёвай мудрасцю. Лірычныя героі – пераважна людзі дзеяння, актыўна змагаюцца за сваё шчасце. Асуджаецца шлюб, заснаваны на разліку, сацыяльнай няроўнасці. Пачуццёвае каханне трактуецца як натуральнае права чалавека, у тым ліку і жанчыны. Урэшце, для любоўнай лірыкі характэрна шырокае выкарыстанне народных выяўленча-стылявых сродкаў. Часта сустракаюцца фальклорныя параўнанні, звароты, метафары, эпітэты, памяншальныя формы.
Лепшыя творы беларускай песенна-інтымнай лірыкі (іх сёння вядома прыкладна 150, якія захаваліся ў рукапісных зборніках таго часу) з’яўляюцца значным укладам у паэзію славянскага барока. Яны і сёння хвалююць глыбінёй, сілай і непасрэднасцю пачуццяў.
Нарэшце, да “нізкага”, напаўфальклорнага барока належыць гумарыстычная і парадыйна-сатырычная паэзія, якая высмейвала розныя заганы тагачаснага грамадства. Часам парадзіраваліся рэлігійныя творы, афіцыйныя дакументы. Найбольш цікавыя творы беларускай гумарыстычна-сатырычнай паэзіі часоў барока – так званыя “звярыныя гратэскі”: “Птушыны баль”, “Апісанне птушынай хворасці”, “Камара цяжкі з дуба ўпадак”.
Побач з песенна-інтымнай лірыкай беларуская гумарыстычна-сатырыяная паэзія аказалася найбольш плённай і перспектыўнай для далейшага развіцця новай беларускай паэзіі.
Выцясненне духоўнага зместу свецкім, зямным асабліва адчувальна ў жанры каляднай песні (калядкі). У калядках “Того дня вельмі слаўного”, “У Бэлегэме, доме ўбогім”, “нова радасць стала” і інш. знайшло адлюстраванне рэальнае жыццё сялян-пастухоў, іх паўсядзённы быт. У калядках чулліва расказваецца аб з’яўленні на свет дзіцяці, праслаўляецца мацярынства. У адпаведнасці з народнымі традыцыямі пастухі прыносяць сціплыя дары, іграюць на музычных інструментах.
У 50-60-я гады ХУІІ ст. літаратура Беларусі ўступіла ў новы перыяд свайго развіцця. Дабратворны ўплыў на яе зрабілі ідэі Асветніцтва. Асноўнымі літаратурнымі напрамкамі эпохі Асветніцтва з’яўляліся класіцызм і сентыменталізм. Першы з іх апеляваў да чалавечага розуму, другі – да сэрца, пачуццяў. Але і класіцысты, і сентыменталісты былі перакананыя ў дзейнасці мастацкага слова, у тым, што пісьменнік – гэта настаўнік грамадства.
Як класіцызм, так і сентыменталізм выразна праявіліся ў шматмоўнай літаратуры Беларусі. Беларускія творы, на жаль, займалі ў ёй яшчэ меншае месца, чым у часы барока. Асноўнай літаратурнай мовай тагачаснай Беларусі з’яўлялася польская. Тут нарадзіліся або жылі класікі польскай літаратуры Ю. Нямцевіч, А. Нарушэвіч, Ф. Карпінскі, Ф. Князьнін, Ф. Багамолец, інш. У канцы ХУІІІ ст. узнікла руская літаратура Беларусі (І. Сакольскі, Г. Дабрынін, Л. Энгельгарт). У дварах магнатаў і шляхты пашырыліся французская і нямецкая мовы, на якіх пісаліся панегірычныя оды і чуллівыя ідыліі. На такім шматмоўным фоне даволі сціпла выглядаюць колькасныя і мастацкія здабыткі тагачаснай беларускай літаратуры, якая была пераважна “плебейскай”, сатырычна-парадыйнай, рукапіснай, пазбаўленай права друкавацца, і ананімнай. Тады лічылася, што беларускай прозе і паэзіі наканавана толькі ніжэйшая роля: смяшыць, парадзіраваць. Як гэта ні парадаксальна, якраз на эпоху Асветніцтва, калі ўстанавіўся культ розуму, прыпадае найбольшы крызіс беларускай паэзіі, драматургіі і асабліва прозы. Апошняя была па сутнасці прадстаўлена толькі беларуска-польскім зборнікам анекдотаў “Торба смеху”, складзеным К. Жэрам.