Жизнь и творчество максима багдановича

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 23 Марта 2012 в 01:06, доклад

Краткое описание

Максім Багдановіч: асоба і творчасць Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў нацыянальнай мастацкай літаратуры, паэт, празаік, гісторык літаратуры і літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык. Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 г. (паводле новага стылю) у Мінску ў сям’і служачых.

Содержимое работы - 1 файл

Максім Багдановіч.docx

— 43.82 Кб (Скачать файл)

Максім Багдановіч: асоба  і творчасць

Максім Багдановіч – класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў  нацыянальнай мастацкай літаратуры, паэт, празаік, гісторык літаратуры і  літаратурны крытык, публіцыст, перакладчык.

Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 г. (паводле новага стылю) у Мінску ў сям’і служачых.

1907 г. лічыцца пачаткам  літаратурнай дзейнасці Максіма  Багдановіча. 19 ліпеня на старонках  газеты “Наша ніва” з’явіўся  яго першы твор – празаічнае  апавяданне “Музы́ка”. У апавяданні  расказваецца, як ад гукаў скрыпкі  галоўнага героя вочы людзей  напаўняліся то слязьмі ад  думак аб сваёй цяжкай долі, то гневам на тых, хто асуджае  народ на пакуты. Нават загубіўшы  музы́ку, “злыя і сільныя людзі”  не змаглі забіць памяць аб  ім. Юны аўтар апавядання здолеў  у алегарычнай форме перадаць  і нялёгкае жыццё роднай Беларусі, і надзею на тое, што беларусы  ўсё ж стануць гаспадарамі  свайго лёсу.

У 1908 г. у Ніжнім Ноўгарадзе Максімам Багдановічам былі напісаны і першыя лірычныя вершы “Над магілай” і “Прыйдзе вясна”.

З лета 1908 г. Багдановічы  жылі ў Яраслаўлі. Тут Максім працягваў  навучанне ў Яраслаўскай гімназіі, дзе праявіў сябе выдатным знаўцам  літаратуры, які ведаў на памяць вялікую колькасць вершаў, рыхтаваў рэфераты на літаратурныя тэмы, выступаў з імі перад навучэнцамі. Пасябраваў з выкладчыкам лацінскай мовы У. Белавусавым, высокаадукаваным чалавекам, знаўцам многіх моў, які кіраваў  заняткамі Максіма па вывучэнні  не толькі лацінскай, але і грэчаскай, італьянскай, французскай моў.

У гэты перыяд юнак сутыкнуўся з цяжкімі выпрабаваннямі. Вясной 1909 г. Максім захварэў на туберкулёз. Бацька адвёз яго ў Крым на лячэнне, што  добра паўплывала на стан здароў’я Максіма, ён захапіўся паўднёвым  краем, з’явілася новае кола знаёмых, закаханасць.

У значнай меры пераломным у жыцці Максіма Багдановіча  стаў 1911 г., бо спраўдзілася яго даўняе жаданне – пабываць на Беларусі. Пасля заканчэння вучобы ў гімназіі ён наведаў Вільню, дзе пазнаёміўся  з выдатнымі дзеячамі беларускага  нацыянальна-вызваленчага руху братамі  І. і А. Луцкевічамі, беларускім пісьменнікам, гісторыкам, філолагам, літаратуразнаўцам  В. Ластоўскім, выдаўцом, мовазнаўцам  і літаратуразнаўцам Б. Эпімах-Шыпілам. Па запрашэнні Луцкевічаў Максім Багдановіч амаль усё лета жыў у іх родзіча  ў фальварку Ракуцёўшчына каля Маладзечна. Да гэтага часу ён меў пераважна  кніжнае ўяўленне аб Беларусі, але тут у 20-гадовым узросце змог зблізку ўбачыць беларускую прыроду, жыццё і побыт беларусаў.

Атрымаўшы атэстат сталасці, у 1911 г. Максім Багдановіч паступіў у  Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй, навучанне  ў якім завяршыў у 1916 г. Ён не меў  ніякай схільнасці да юрыспрудэнцыі, хацеў  паступіць у Санкт-Пецярбургскі ўніверсітэт на філалагічны факультэт. Была і спрыяльная акалічнасць для  гэтага: на просьбу акадэміка А. Шахматава  рэкамендаваць чалавека, які мог  бы заняцца пад яго кіраўніцтвам вывучэннем беларускай мовы і літаратуры, рэдакцыя “Нашай нівы” назвала  кандыдатуру Багдановіча. Але Максім не здолеў здзейсніць сваю мару з-за таго, што сыры клімат сталіцы не падыходзіў для чалавека са слабым здароўем і  з-за адсутнасці сродкаў (бацька аддаваў  перавагу навучанню малодшага сына Льва, які меў вялікія матэматычныя здольнасці і планавалася яго  паступленне ў Маскоўскі ўніверсітэт).

Увесь час Максім вельмі настойліва займаўся самаадукацыяй. Яго  веды ў галіне гісторыі, літаратуры, культуры народаў славянскага свету  мелі энцыклапедычны характар. Шмат увагі  ён аддаваў замежным мовам: вывучаў  грэчаскую, лацінскую, італьянскую, польскую, французскую і нямецкую. І не пераставаў пісаць.

Сярод значных падзей асабістага жыцця гэтага перыяду была паездка  ў Крым летам 1915 г. для паўторнага курса лячэння. Там было і захапленне жанчынай, пачуццё да якой стала  ўзаемным. Новае каханне пакінула шмат уражанняў, як станоўчых, так і  адмоўных, і знайшло адбітак у  творчасці маладога паэта.

У сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны і набліжэннем  фронту да Мінска ў Яраслаўлі апынулася  даволі вялікая колькасць бежанцаў з Беларусі. Максім Багдановіч пазнаёміўся  з многімі з іх, чым мог стараўся дапамагчы, арганізоўваў для студэнтаў-беларусаў  наведванне тэатра, удзельнічаў у  студэнцкіх вечарынах, падчас якіх вельмі любіў слухаць беларускія песні, знаёміцца з народнымі абрадамі, танцамі.

Максім Багдановіч тварыў у многіх паэтычных жанрах. Сярод  яго вершаў ёсць узоры як прыродаапісальнай, пейзажнай (“Ноч” (1908 г.), “Зімовая дарога”, “Зімой”, “Перад паводкай”, “Цёплы вечар, ціхі вецер, свежы стог”, “Вечар на захадзе ў попеле тушыць” (усе 1910 г.), “Добрай ночы, зара-зараніца!” (1911 г.) і інш.), так і інтымнай лірыкі (“Ў космах схаваліся кветы чырвоныя” (1908-1909 гг.), “Жывая лялечка! Не душу і  не сэрца” (1910 г.), “Ўчора шчасце толькі глянула нясмела” (1910-1913 гг.), “Апусціўшы густыя расніцы” (1912 г.), “Забудется многое, Клава” (1915 г.), “Маладыя гады” (1915-1916 гг.).

Часта ў яго вершах сустракаюцца і міфалагічныя матывы, найперш звязаныя з беларускай народнай міфатворчасцю (“Вадзянік”, “З цыкла “Лясун”, “Хрэсьбіны лесуна” (усе 1909 г.), “Возера” (Стаяў  калісь тут бор стары) (1910 г.) і  інш.).

Аднак ужо ў адным з  ранніх вершаў “Краю мой родны! Як выкляты Богам...” (1909 г.), выразна  акрэслены тэма сацыяльнага прыгнёту беларусаў, а таксама надзея на іх нацыянальнае адраджэнне. Паводле некаторых  ацэнак, гэты твор паставіў Максіма  Багдановіча поруч з Янкам  Купалам і Якубам Коласам. Боль і  трывога за родную зямлю, за яе людзей выразна гучаць і ў вершы “Народ, Беларускі Народ!” (1913 г.).

Хоць у паэзіі Максіма  Багдановіча і адчувальныя матывы смерці і песімізму, у значнай  ступені выкліканыя яго хваробай, як, напрыклад, верш “Я, бальны, бесскрыдлаты паэт” (1909 г.), але ў многіх сваіх  творах ён выступае як вяшчальнік надзеі, заклікае кінуць “вечны плач свой аб старонцы” (“Кінь вечны плач свой аб старонцы!” (1911 г.). Адным з праграмных у творчасці  Багдановіча лічыцца напісаны ў  ліпені 1910 г. верш “Халоднай ноччу  я ў шырокім, цёмным полі”, дзе  паэт выказвае сваю шчырую веру ў лепшую будучыню.

Максім Багдановіч, як чалавек  надзвычай грунтоўных ведаў і  шырокай эрудыцыі ў галіне літаратуры, добра ведаў творчасць многіх класікаў сусветнай паэзіі. Ён захапляўся вершамі А. Пушкіна, А. Фета, Т. Шаўчэнкі. Быў знаёмы і з творчасцю многіх паэтаў – прадстаўнікоў такога актуальнага  ў той час літаратурнага накірунку, як сімвалізм. Асаблівую цікавасць  ён праяўляў да створанага французскім  паэтам П. Верленам. Творчасць аднаго з заснавальнікаў сімвалізму мела значны ўплыў на фарміраванне паэтычных  прыхільнасцей Максіма Багдановіча (напрыклад, верш “Маёвая песня” (Па-над  белым пухам вішняў), 1910 г.). Багдановіча  цікавіла найперш музыкальнасць  паэтычных радкоў, якой сімвалісты надавалі вялікае значэнне. Аднак  ён імкнуўся не капіраваць літаральна створанае іншымі, а выкарыстоўваў  некаторыя творчыя напрацоўкі калег  па пяры для ўдасканалення ўласнай, вельмі індывідуальнай, паэзіі.

Падчас знаходжання ў  Вільні малады паэт азнаёміўся ў прыватным  беларускім музеі братоў Луцкевічаў з калекцыямі старажытных рарытэтаў  і пад уражаннем ад іх напісаў  верш “Слуцкія ткачыхі” (1912 г.) з цыкла  “Старая Беларусь”. У гэтым творы  аўтар расказвае сумную гісторыю прыгонных ткачых, апісвае хараство роднай зямлі, паэтызуе ўмельства майстрых ткаць залатыя паясы, дзе “заміж персідскага ўзора цвяток радзімы  васілька”. Васілёк з лёгкай рукі Максіма стаў адным з сімвалаў Беларусі.

Яшчэ адным вынікам  паездкі сталі вершы “За дахамі места памеркла нябёс пазалота” (1911 г.), “Вулкі Вільні зіяюць і гулка  грымяць”, “У Вільні”  (1912 г.) і іншыя  з цыкла “Места”, прысвечаныя  старажытнай беларускай сталіцы. Максім Багдановіч – фактычна першы ў  беларускай літаратуры паэт-урбаніст, гарадскія вобразы займаюць у  яго творчасці даволі істотнае месца  ў адрозненне ад іншых беларускіх паэтаў – яго сучаснікаў, а “Места”  – першы ўрбаністычны цыкл у беларускай літаратуры.

Паэтычнай творчасці Максіма  Багдановіча гэтага перыяду былі ўласцівы і такія тэмы, як гістарычны лёс Беларусі, паднявольнае становішча беларускага народа, яго барацьба за нацыянальнае і сацыяльнае вызваленне (цыклы 1911-1912 гг. “Старая Беларусь”, “Згукі Бацькаўшчыны”, “Старая спадчына”).

У 1909-1916 гг. Максім Багдановіч напісаў амаль два дзесяткі вершаў на рускай мове (“Уймитесь, волнения страсти”, “Я вспоминаю дом старинный”, “Ах, как уютно, чисто, мило” і інш.), прычым некаторыя з іх не маюць  аўтарскага беларускага тэксту (такія  лірычныя творы, як “Зачем грустна  она была”, “Я вспоминаю Вас такой  прекрасной, стройной”, “Зеленая любовь”, “Осенью”).

У 1909-1913 гг. ён стварыў рукапісны  зборнік паэзіі “Зеленя”, які прызначаўся  для яго стрыечнай сястры Г. Гапановіч, меркаванне якой малады паэт вельмі цаніў. У зборнік ён уключыў тры вершы  на рускай мове і 19 аўтаперакладаў сваіх  жа беларускіх вершаў на рускую мову.

У той жа перыяд былі напісаны паэмы “У вёсцы” (1912 г.) і “Вераніка” (1911-1913 гг.) (некаторыя даследчыкі яе адносяць да жанру вершаванага лірычнага  апавядання), дзе выразна праявілася захапленне Максіма Багдановіча  вобразам жанчыны, які стаў адным  з цэнтральных у яго творчасці. Глыбокія мацярынскія пачуцці, на думку  Багдановіча, арганічна ўласцівыя  кожнай жанчыне, нават маленькай  дзяўчынцы, – ідэйная аснова твора  “У вёсцы”. Хоць паэма “Вераніка” і мае эпіграф “Яна – выдумка  маёй галавы”, вядома, што яе радкі  навеяны пачуццём закаханасці ў  сястру свайго аднакласніка – Ганну  Какуеву. Ідэалізаваны вобраз жанчыны  ў душы Максіма абуджае ў аўтара імкненне да ўвасаблення яго ў  паэтычнай форме. Вобразам гэтай  дзяўчыны навеяны і такія вершы, як “Учора шчасце толькі глянула нясмела”, “Больш за ўсё на свеце жадаю  я”, некаторыя іншыя. Другі знакаміты  твор лірыкі любоўных перажыванняў –  верш Максіма Багдановіча “Раманс” (Зорка Венера ўзышла над зямлёю), які пазней стаў шырокавядомай песняй, канкрэтнага адрасата не мае.

Каля 1915 г. паэт напісаў цыкл вершаў “На ціхім Дунаі. Вершы  беларускага складу”. У іх выразна  гучаць фальклорныя матывы. Да фальклорных  стылізацый належаць таксама паэмы “Мушка-зелянушка і камарык – насаты тварык” (1914 г.) пра няўдалую жаніцьбу камара і “Максім і Магдалена” (1915 г.), яе тэма – трагічнае каханне вясковага хлопца да дачкі ваяводы, які жорстка распраўляецца з юнаком, і той гіне як герой.

Пад уражаннем ад знаёмства  з фальклорам розных народаў Максім Багдановіч стварыў на беларускай мове шэраг песень, стылізаваных пад народную творчасць сербаў, рускіх, украінцаў, скандынаваў, іспанцаў, японцаў, персаў.

Максім Багдановіч адзін  з заснавальнікаў у беларускай літаратуры такога накірунку, як філасофская лірыка. Паступова ў яго творчасці  пачалі праяўляцца агульначалавечыя тэмы: вечнасць свету і тленнасць усяго  існага (“Дзед” (Так цёпла цэлы дзень  было), 1913 г.), эгаізм людзей як прычына  ўсялякай несправядлівасці (“Мяжы”, 1914 г.), марнасць і бессэнсоўнасць чалавечых  канфліктаў (“Я хацеў бы спаткацца  з Вамі на вуліцы”, 1915 г.). Радкі з  апошняга верша: “Нашто ж на зямлі // Сваркі і звадкі, боль і горыч, // Калі ўсе мы разам ляцім // да зор?”  сталі хрэстаматыйнымі.

Максім Багдановіч фактычна першы з беларускіх паэтаў, хто  звярнуўся да санета, трыялета, рандо, тэрцыны, скерца і іншых складаных  форм верша (варта ўспомніць хоць бы хрэстаматыйныя цяпер “Санет” (Паміж  пяскоў Егіпецкай зямлі) (1911 г.) або  “Трыялет” (Калісь глядзеў на сонца  я) (1912 г.). Ён свядома імкнуўся ўзбагаціць маладую беларускую літаратуру новымі для яе формамі, ужо добра асвоенымі  ў сусветнай літаратуры, і тым  самым істотна пашырыць яе творчыя  магчымасці, удасканаліць літаратурную мову.

1 студзеня 1909 г. у газеце  “Наша ніва” з’явілася першая  паэтычная публікацыя Максіма  Багдановіча – верш “Над магілай”. У сакавіку газета надрукавала  яшчэ адзін верш – “Прыйдзе  вясна”. Аднак многія вершы, якія  Багдановіч дасылаў у “Нашу  ніву”, былі адпраўлены ў архіў  рэдакцыі. Некаторыя члены рэдкалегіі, на той час ужо вядомыя прадстаўнікі  беларускага адраджэнскага руху, палічылі іх “дэкадэнцкімі”, незразумелымі  простаму народу, тым чытачам,  на якіх, як яны лічылі, арыентуецца  газета. І тут у творчым лёсе  маладога паэта адыграў значную  ролю супрацоўнік газеты “Наша  ніва” беларускі паэт, публіцыст,  крытык С. Палуян. У жніўні 1909 г.  азнаёміўшыся з вершамі Багдановіча,  ён змог належным чынам ацаніць  яго наватарства, імкненне да  ўзбагачэння форм мастацкага  слова, пашырэння абсягу тэм  маладой беларускай літаратуры, у чым аўтар бачыў адну з  сваіх галоўных задач. С. Палуян  пры падтрымцы Янкі Купалы  настаяў на публікацыі вершаў. З верасня 1909 г. паэтычныя творы  Максіма Багдановіча пастаянна  друкаваліся на старонках “Нашай  нівы”. 

У пачатку 1914 г. у Вільні, у друкарні Марціна Кухты, выдадзены  адзіны прыжыццёвы зборнік паэзіі Максіма  Багдановіча “Вянок” (на тытуле пазначаны 1913 г.) з прысвячэннем: “Вянок на магілу С.А. Палуяну (памёр 8 красавіка 1910 г.)”. У зборніку каля 100 вершаў (лірычнага  і патрыятычнага характару) і 2 паэмы. Яны былі аб’яднаны па цыклах: “У зачарованым царстве”, “Згукі Бацькаўшчыны”, “Старая Беларусь”, “Места”, “Думы”, “Вольныя думы”, “Старая спадчына”, “Мадонны”. Сам Багдановіч пазней так ахарактарызаваў сваю кнігу: “Недахватаў рожных – гібель, ды і … вершы яе пісаліся з паловы 1909 да паловы 1912 г., калі мне было 17-20 год. Але ў ёй усё ж такі ёсць і творчасць, і натхненне, і сур’ёзная  праца”.

Плённа працуючы над паэтычнымі творамі, Максім Багдановіч пасля шасцігадовага  перапынку зноў звярнуўся да мастацкай  прозы.

У 1913-1916 гг. ён напісаў шэраг  апавяданняў і нарысаў не толькі на беларускай (“Апавяданне аб іконніку і залатару…”, “Шаман”, “Марына”, “Гарадок”, “Сярод глухой пушчы”, “Вясной”), але і на рускай мове (“Несчастный  случай”, “Колька”, “Преступление”, “Мадонна”, “Сон-трава”, “Страшное”, “Именинница”, “Чудо маленького Петрика”, “Экзамен”, “Из летних впечатлений”, “Катыш”, “Около театра миниатюр”, “Волгари”, “На углу”, “Около билетов”). Гэта невялікія па аб’ёме творы з разнастайнай тэматыкай: усхваленне жанчыны, любаванне  прыродай, апісанне розных мясцовасцей, жыццёвых акалічнасцей і цяжкасцей  вайны, ёсць аўтабіяграфічныя замалёўкі, гучаць рэлігійныя, казачныя і гістарычныя  матывы і інш.

Информация о работе Жизнь и творчество максима багдановича