Автор работы: Пользователь скрыл имя, 21 Сентября 2011 в 15:21, реферат
Яшчэ Максім Багдановіч сваім пільным мастакоўскім вокам здолеў разгледзець на захмараным літаратурным небе Беларусі надзвычай яркую, вельмі адметную і вабную зорку, імя якой - Ян Чачот. Называючы самых першых «будзіцеляў» нацыі, пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, якраз гэтае імя вылучыў аўтар «Слуцкіх ткачых» сярод іншых пісьменнікаў першай паловы ХІХ стагоддзя.
Першыя вядомыя літаратурныя творы Яна Чачота з'явіліся недзе каля 1818 года і, так ці інакш, былі звязаны з філамацкім жыццём. Песні і вершы з нагоды студэнцкіх урачыстасцяў пісалі разам з Янам Чачотам і Адам Міцкевіч, Тамаш Зан, Ануфры Петрашкевіч, Міхал Рукевіч, Тэадор Лазінскі. «Аднак, - заўважае вядомы польскі фалькларыст і літаратуразнавец Станіслаў Свірка ў кнізе «З кола філамацкага перадрамантызму», - наймацней адбілася ў жыцці філаматаў песенная творчасць якраз Чачота. Не было імянінаў, маёўкі ці сяброўскага сходу, якога б Янак (альбо Ян з Мышы, як яго таксама звалі) не аздобіў сваімі сардэчнымі «песенькамі», як заўсёды, патрыятычнымі, народнымі сваім духам, нярэдка напісанымі на матыў песні беларускага люду...»
Тыя песні і вершы Яна Чачота, і польскія, і беларускія, якія дайшлі да нас дзякуючы публікацыі Яна Чубака («Паэзія філаматаў», т.1-2, Кракаў, 1922) і іншых польскіх даследчыкаў, паказваюць нам цудоўны песенны талент паэта. Напеўнасць, шчырая непасрэднасць і празрыстасць вершаў Чачота дазвалялі ім вельмі лёгка класціся на музыку. Зрэшты, Ян Чачот часта і пісаў іх на гатовы ўжо матыў вядомых яму беларускіх народных песень. Пры гэтым ён не забываў пазначыць, на матыў якой канкрэтна народнай песні трэба было спяваць напісаныя ім вершаваныя строфы.
Вельмі любілі філаматы, ды і наогул віленская моладзь, напрыклад, вясёлую жыццярадасную песню Яна Чачота «Што старыя за вар'яты», напісаную дзесьці ў 1818 ці 1819 годзе на матыў беларускай народнай песні «Чаму дзеўку не любіць, калі дзеўка ладна», што адзначыў у прыпісцы сам аўтар. Такой жа бадзёрай, аптымістычнай была вельмі папулярная сярод моладзі Чачотава песня «Прэч, сум, нудоты...». У прыпісцы да яе аўтар даводзіў, што напісана яна на матыў песні «крывічанаў», г.зн. беларусаў, песні, якая пачынаецца словамі: «Сем дзён малаціла, шастак зарабіла...». Ахвотна спявала моладзь і тыя Чачотавы песні, якія былі напісаны на матывы беларускіх народных песень «Ой валы ж мае да палавыя...», «Бяду сабе купіла да за свае грошы...», «Як не бачу Петруся, то я з ветру валюся...» і інш. Шмат такіх песень напісаў Ян Чачот у турэмных засценках. Усе яны прызначаліся для паэтавай каханай Зосі Малеўскай - вельмі прыгожай дачкі рэктара Віленскага ўніверсітэта, у доме якога часта збіраліся філаматы, бо яго сын, Францішак Малеўскі, таксама быў сябрам Таварыства. Гэтыя песні Зося ахвотна выконвала пад фартэпіяна.
У многіх песнях
Яна Чачота адбіліся антыўрадавыя настроі
моладзі, вольналюбівыя ідэі аўтара.
Гэтыя творы віленская моладзь
заўсёды прымала бурнымі
Але самы вялікі поспех, асабліва ва ўніверсітэцкай моладзі, якая ў асноўным паходзіла з апалячанай беларускай шляхты, мелі тыя філамацкія творы Яна Чачота, што былі напісаны па-беларуску. Сам факт звароту да мовы запрыгоненага, бяспраўнага мужыка-беларуса гаварыў пра многае, і перш за ўсё - пра адкрыты дэмакратызм паэта.
Першыя з беларускіх твораў Яна Чачота, якія дайшлі да нас, адносяцца да 1819 года. Значыць, ужо на самым пачатку свайго творчага шляху Ян Чачот звярнуўся да мовы свайго народа, пачаў уводзіць яе ў літаратурны ўжытак. Шчасліва захавалася яго напісаная па-беларуску паэтычная сцэнка (Ул.Казбярук назваў яе драматычнай паэмай), прымеркаваная да 7 сакавіка 1819 г. - як своеасаблівае віншаванне з днём нараджэння старшыні Таварыства філаматаў Юзафа Яжоўскага, родам з Украіны. Умоўна гэты твор названы - «Яжовыя імяніны»: пад такім агульным загалоўкам падаваліся ў згаданай вышэй кнізе «Паэзія філаматаў» усе матэрыялы, што адносіліся да святкавання дня нараджэння Яжоўскага, або Ежа, як называлі яго філаматы. Сам Ян Чачот, які заўсёды выступаў са сваімі вершамі на падобных урачыстасцях, тым разам прыехаць на свята не здолеў. Як службовец Масы ён у гэты час быў накіраваны ў Менск. Адтуль паэт і прыслаў свае вершы ў Вільню, выказаўшы пры гэтым - зноў-такі ў вершаванай форме - шкадаванне, што ў той час, як яго прыяцелі «апаражняюць бутэлькі» ў вясёлым застоллі, ён «посціць, як святы», у Менску, дзе яго прымушае «маршчыніць чало мазольная пасада пісара». Прысланыя вершы Яна Чачота зачытаў на ўрачыстасці Тамаш Зан, а сцэнку разыгрывалі гуртам.
Пра тое ўражанне, якое рабілі на слухачоў першыя беларускія вершы і песні Яна Чачота, сведчыць хоць бы той факт, што адзін з гэтых слухачоў, вучоны з сусветным імем Ігнат Дамейка нават праз 50 гадоў успомніў у далёкай Чылі Чачотаву песню «Што ж мы вашэці скажам...», якая ўваходзіла ў тую паэтычную сцэнку і якую асобна спявалі потым філаматы на ўсіх сваіх урачыстасцях.
На маю думку, беларускія песні і вершы Яна Чачота філамацкага перыяду да сённяшняга дня не ацэнены як трэба ў літаратуразнаўстве. Вядома, калі мераць іх сённяшнімі меркамі, у іх можна знайсці свае хібы. Але ж не трэба забываць, што Ян Чачот быў першапраходцам у беларускай паэзіі, ён ішоў па цаліку, яму трэба было яшчэ ўзнімаць гэтую, кажучы купалаўскімі словамі, «скібіну слова».
Тым не менш, у беларускіх творах Яна Чачота і праўда ёсць тая лёгкасць, той паэтычны «агонь», пра які казаў Адам Міцкевіч. Мова Яна Чачота, калі апусціць не такія ўжо шматлікія паланізмы, мала чым адрозніваецца ад сённяшняй беларускай літаратурнай мовы. Яна ў яго даволі багатая, гнуткая, з многімі адценнямі. Узорам для Яна Чачота служыла мова беларускіх народных песень.
У філамацкіх беларускіх творах Яна Чачота, і перш за ўсё драматычнай сцэнцы, можна ўбачыць выразныя адзнакі часу, некаторыя асаблівасці побыту дарэформеннай вёскі, яе сацыяльную структуру. Даволі жывым, «бачным» паўстае перад намі, напрыклад, вобраз цівуна, які выступае тут ад імя сялян, не адрываючы і сябе ад іх. Хай, можа, ён тут трохі і ідэалізаваны, але ўсё ж няма ў ім той аднабаковасці, якую мы прывыклі бачыць праз літаратуру ў гэтым сацыяльным тыпе, што стаў сімвалам прыгонніцтва. Вельмі прываблівае ў сцэнцы вобраз дзяўчат-сялянак. Хоць яны спачатку - такі ўжо ў беларусаў характар - і «прыбядняюцца» (быццам не могуць «звязаць» песні, бо ў іх, бачыце, «мысль не багата»), але ж папраўдзе ўмеюць яны і «звязаць» словы, і скласці цудоўную песню. Ды і пачуццё годнасці ў іх ёсць: яны прама кажуць панічу, што сярод іх знойдуцца і такія, што будуць вартыя і яму ў жонкі, трэба толькі ўмець пасватацца. Праўдзівая ў Чачота і характарыстыка вясковых хлопцаў. Хоць «яны ад сахі, ад бараны... пісаць, чытаць не учаны», але ж таксама ўмеюць і песню спець, і выказацца як трэба. З твора відаць і іх адносіны да рэкруцтва, ад якога яны звычайна ўцякаюць у лес. Надзвычай цікава тое, што сялянскія хлопцы турбуюцца за сваю мову, называючы яе «рускай» (у адрозненне ад польскай), мову, якой цураюцца паны, што «па-польску ўсё гавораць». Вядома ж, Ян Чачот у вусны сваіх герояў уклаў уласную заклапочанасць мовай народа.
У большасці вершаў Ян Чачот імкнуўся прымірыць селяніна з панам. «Дабрачынных паноў» ён заклікаў (звычайна ў польскамоўных творах) клапаціцца «пра добры быт сялян», любіць іх, даводзячы, што за гэта Бог узнагародзіць такіх апекуноў «шчасцем... і ў нябёсах, і на зямлі». У сваю чаргу і сялян вучыў Чачот любіць свайго пана, слухацца яго, добраахвотна ісці на паншчыну, не чакаючы, пакуль іх пагоніць туды цівун бізуном. У гэтых «прымірэнчых» вершах праявіўся характэрны для многіх прадстаўнікоў грамадска-палітычнага руху ХІХ стагоддзя так званы класавы салідарызм перад абліччам агульнай небяспекі - агрэсіўнай палітыкі царскага самаўладства.
Галоўную ўвагу ў адрасаваных сялянам вершах Ян Чачот звяртаў на іх маральнае ўдасканаленне. Ён вучыў сялян простым рэчам: не губіць сваё жыццё ў гарэлцы, не гультайнічаць, быць сумленнымі, гаспадарлівымі.
Балады Яна Чачота - сапраўдныя шэдэўры літаратуры. Напісаны яны жыва, у свабоднай манеры, вельмі маляўніча. У кожнай з іх - свой цікавы сюжэт, за якім чытач сочыць з неаслабнай увагай. Думаецца, яны яшчэ па-сапраўднаму не ацэнены крытыкай. Доўгі час яны былі невядомыя грамадскасці. Толькі зусім нядаўна, у 1972 годзе ўсе яны былі апублікаваныя Станіславам Свіркам у памянёнай кнізе «З кола філамацкага перадрамантызму». Балады Яна Чачота надзвычай зацікавілі Адама Міцкевіча, які падчас іх напісання толькі шукаў сваю дарогу ў літаратуру. Як вядома, у першых сваіх творах ён прытрымліваўся прынцыпаў класіцызму, якія стрымлівалі творчыя магчымасці літаратараў. Адзін з галоўных шляхоў абнаўлення літаратуры перадавыя яе прадстаўнікі бачылі ў звароце да народнага жыцця, да фальклору, што было характэрным для рамантызму. Гэты шлях якраз і выбраў шчыры народалюбец Ян Чачот, які з поўным усведамленнем важнасці свайго пачынання ўзяўся за мастацкае асваенне фальклорнай спадчыны беларускага народа. Станіслаў Свірка ў сваіх кнігах пераканаўча паказаў уплыў Яна Чачота на Адама Міцкевіча, ён прыйшоў да высновы, што «...тыя «песенькі» і «балады» Чачота былі галоўным імпульсам, які падштурхнуў Міцкевіча ў кірунку народнасці, а калі казаць больш канкрэтна, у кірунку баладнасці...» Вядома, даводзіць даследчык, на Адама Міцкевіча ўплывалі і іншыя філаматы, але «найвыдатнейшым піянерам народнасці сярод філаматаў быў Чачот, якраз яго ўплыў на Міцкевіча ў гэтым плане аказаўся наймацнейшым...» Так, разважае далей польскі вучоны, Ян Чачот «не навучыў... Міцкевіча пісаць рамантычную паэзію, таму што сам гэтага не ўмеў; аднак паказаў яму новую крыніцу творчасці і новую дарогу. Таму што быў Чачот філамацкім маяком, які стаяў на віленскіх ростанях класіцызму і рамантызму і які нязменна паказваў на народнасць. Міцкевіч пайшоў у тым кірунку, і дарога тая прывяла яго да вялікай рамантычнай і народнай паэзіі».
З твораў віленскага перыяду Чачота трэба адзначыць яшчэ лірычную сцэнку «Сапфо», прысвечаную старажытнагрэцкай паэтэсе, драматычную паэму «Малгажата з Зэмбаціна» пра жаночую вернасць у рыцарскія часы, паэму «Тыртэй», напісаную да дня нараджэння Адама Міцкевіча (снежань 1819 года), якога аўтар параўноўвае са спартанскім героем Тыртэем і ў асобе якога ўжо тады, на самым пачатку яго творчага шляху, бачыў вялікага паэта і народнага абаронцу, нарэшце, вадэвіль у двух актах «Апалон на калядаванні», напісаны ў форме народнай каляднай містэрыі, у якой разам з філаматамі дзейнічаюць багі і якая нечым нагадвае «Тараса на Парнасе». Для лепшага разумення «біяграфіі душы» Яна Чачота і філамацкага жыцця нямала могуць даць строфы напісанай у турме ў 1823 годзе невялікай паэмы «Новая Сафіеўка» пра тыя пачуцці, якія выклікалі наведванні раней саду Малеўскіх у Вільні і незабыўныя сустрэчы там з любай Зосяй - Софіяй.
Надзвычай цікавыя ў шмат якіх аспектах зусім нядаўна адшуканыя даследчыкамі «Спевы пра даўніх ліцвінаў да 1434 года». Задума расказаць у паэтычных радках пра гістарычнае мінулае роднай Беларусі, пра часы Вялікага Княства Літоўскага ўзнікла ў Чачота таксама ў багаты на творчыя здзяйсненні і намеры віленскі перыяд. Спачатку ён хацеў паказаць славутых жанчын мінулага, у першую чаргу «ліцвінак», але потым вырашыў ногул напісаць паэтычную гісторыю сваёй Бацькаўшчыны. Высылка за межы Беларусі, суровыя выпрабаванні, з якімі паэт пазнаўся на чужыне, - усё гэта перашкодзіла задуме. Толькі праз дваццаць гадоў, вярнуўшыся дамоў і ўладкаваўшыся ў Шчорсаўскай бібліятэцы, змог ён прыступіць да ажыццяўлення даўняй мары. Недзе ў 1842-1844 гадах і з'явіліся з-пад яго пяра «Спевы пра даўніх ліцвінаў...». Заснаваў іх паэт на гістарычных фактах, узятых з «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» Мацея Стрыйкоўскага і дзевяцітомнай «Гісторыі літоўскага народа» Тэадора Нарбута. Аўтар пазначае нават старонкі гэтых выданняў, адкуль ён браў факты для сваіх «спеваў». «Спевы пра даўніх ліцвінаў...» у жывых вобразах узнаўляюць нашу далёкую мінуўшчыну, вельмі цікава асвятляюць шмат якія яе старонкі.
Нягледзячы на
несумненны паэтычны талент Яна Чачота,
на яго пісьменніцкую актыўнасць
асабліва ў віленскі перыяд, ён разам
з тым не лічыў літаратуру галоўным
заняткам у сваім жыцці. Сваё прызванне
ён бачыў у іншым - у збіранні і
вывучэнні беларускага
У беларускай фалькларыстыцы Ян Чачот - постаць, можна сказаць, першай велічыні. Яго дзейнасць у гэтым кірунку яшчэ чакае свайго шырокага асвятлення. Гэта быў сапраўдны подзвіг паэта-фалькларыста, які здолеў на працягу 1837-1846 гадоў сабраць і выдаць у шасці зборніках беларускія народныя песні «з-над Нёмана і Дзвіны», а таксама іншыя жанры фальклору. Прычым, калі спачатку ён даваў іх у перакладзе на польскую мову, то потым публікаваў у арыгінале, на беларускай мове. Сваімі публікацыямі ён паказаў свету, якія неацэнныя культурныя скарбы мае беларускі народ.
Вялікай увагі заслугоўвае публіцыстыка Яна Чачота. Тое, за што змагаўся ён у сваіх мастацкіх творах, тут выказваў непасрэдна, прама. Вельмі многія думкі паэта гучаць актуальна і сёння. Вось як, напрыклад, кажа паэт пра грамадзянскую актыўнасць чалавека, пра яго патрыятычныя абавязкі: «...асабістае шчасце - у шчасці грамадскім: дбаць пра грамадскае дабро - значыць памнажаць дабро ўласнае». А як па-сучаснаму гучаць у нататках «Думкі, якія павінен распаўсюджваць вышэйшы клас» разважанні пра залежнасць дзяржаўнага ладу ў любой краіне ад грамадзянскай актыўнасці людзей, ад таго, наколькі схільныя яны цярпець дэспатычную ўладу. «Не могуць быць добрымі грамадзяне там, дзе кепскі ўрад, - сцвярджае паэт, - не можа быць кепскага ўраду там, дзе ўсё робіцца згодна з пажаданнем народа, а не з волі, капрызу і сілы аднаго».
З публіцыстыкі, асабліва з уступных артыкулаў да зборнікаў беларускага фальклору, мы бачым, якое вялікае значэнне надаваў паэт вывучэнню народнай творчасці, збіранню і зберажэнню скарбаў традыцыйнай культуры беларусаў, як высока цаніў ён першародную прыгажосць іх вуснай паэзіі.
З глыбокай павагай ставіўся Ян Чачот да мовы роднага яму беларускага народа, якую ён называў крывіцкай. Паэт марыў пра граматыку і фундаментальны слоўнік беларускай мовы, такі, як шматтомны «Слоўнік польскай мовы» С.Ліндэ, выдадзены ў 1807-1814 гадах. Ян Чачот са шкадаваннем адзначаў, што ў той час, як «іншыя дыялекты славянскага паходжання», нават невялікія народы, усё гэта маюць даўно, «крывіцкае племя, якое налічвае некалькі мільёнаў насельніцтва», наадварот, нічога яшчэ не займела. Не чакаючы, пакуль хто-небудзь зоймецца гэтай важнай і вялікай працай, паэт пачаў сам складаць слоўнік найбольш адметных слоў і выразаў Наваградчыны. У сваіх артыкулах ён зрабіў дэталёвы разгляд асаблівасцяў беларускай мовы, выявіў нават яе асноўныя дыялекты.
Якраз жаданне бачыць мову свайго народа літаратурнай і прывяло Яна Чачота да ўласнай творчасці на беларускай мове, да выдання кніг на ёй. І вось яшчэ ў першай палове ХІХ стагоддзя, у часы прыгону, упершыню пасля векавога маўчання, са старонак друкаваных, выдадзеных па ўсіх правілах кніг загучала жывая беларуская мова, мова запрыгоненага селяніна. Дзве кнігі Яна Чачота - «Сялянскія песні з-над Нёмана і Дзвіны з далучэннем іх арыгіналаў на славяна-крывіцкай мове» (Вільня, 1844) і «Сялянскія песні з-над Нёмана і Дзвіны, некаторыя прыказкі і ідыёмы на славяна-крывіцкай мове, з учыненымі над ёй назіраннямі» (Вільня, 1846) - яскрава засведчылі факт нараджэння новай беларускай літаратуры і адначасова нацыянальнага адраджэння аднаго з самабытных і вялікіх народаў.