Беларускае грамадзтва

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 04 Ноября 2012 в 11:54, реферат

Краткое описание

Беларускае грамадзтва глыбока расколатае. Празь дзесяць гадоў пасьля абвяшчэньня незалежнае Рэспублікі Беларусі назіраецца настолькі радыкальнае адасабленьне адной часткі грамадзянаў гэтае краіны ад другой, што, слухаючы размовы ды чытаючы артыкулы адных і другіх, староньні назіральнік можа проста не паверыць, што вядзецца ў іх пра адны й тыя ж рэаліі.

Содержимое работы - 1 файл

Беларускае грамадзтва глыбока расколатае.docx

— 44.51 Кб (Скачать файл)

 

Беларускае грамадзтва глыбока расколатае. Празь дзесяць гадоў пасьля абвяшчэньня незалежнае Рэспублікі Беларусі назіраецца настолькі радыкальнае адасабленьне адной часткі грамадзянаў гэтае краіны ад другой, што, слухаючы размовы ды чытаючы артыкулы адных і другіх, староньні назіральнік можа проста не паверыць, што вядзецца ў іх пра адны й тыя ж рэаліі. Цяжка назваць хоць адзін з нацыявызначальных парамэтраў, апрача супольнага месца жыхарства, які б аб’ядноўваў гэтыя групы людзей: яны розьняцца і моваю, і зьместам гістарычнае памяці, і самасьвядомасьцю (дарма што абедзьве называюць сябе беларусамі — укладаюць яны ў гэтае паняцьце зусім розны сэнс), і стаўленьнем да іншых нацыяў па прынцыпе “блізкія-далёкія”, і бачаньнем пэрспэктываў далейшага развою краю…

Часам здаецца, што найбольш камфортна  гэтыя людзі адчувалі б сябе, калі б жылі ў дзьвюх розных краінах. Дарэчы, гэтыя “дзьве Беларусі” ўжо маюць і дзьве асобныя сыстэмы дзяржаўных сымбаляў, абсалютна не падобныя паміж сабою: з аднаго боку — рыцарскі герб “Пагоня” і бела-чырвона-белы сьцяг, з другога — традыцыйны савецкі гербападобны знак без шчыта, упісаны ў вянок, ды чырвона-зялёны сьцяг з арнамэнтам. Герб “Пагоня” (срэбны рыцар-вершнік у чырвоным полі шчыта) застаўся гэтаму краю ў “спадчыну” ад Вялікага Княства Літоўскага, краіны, у складзе якой продкі большасьці сучасных жыхароў Беларусі жылі на працягу большае часткі сваёй гісторыі (у XIII—XVIII стст.), падчас чаго й сфармавалася, уласна кажучы, этнічная супольнасьць, за якой у ХІХ ст. замацавалася найменьне “беларусы”. Разам зь бела-чырвона-белым сьцягам герб “Пагоня” быў прыняты ў якасьці дзяржаўнага сымбалю Беларускай Народнай Рэспублікі — першай дзяржавы, што паўстала на гэтых землях пасьля распаду Расейскай імпэрыі; і да сёньня ім паслугоўваецца ўрад БНР у выгнаньні, які мусіў пакінуць краіну ў 1920 г. пад ударамі Чырвонай арміі Савецкай Расеі. Гэтыя ж сымбалі былі першымі дзяржаўнымі і ў незалежнай Рэспубліцы Беларусі ў 1991—1995 гг. Што да другой сымбалічнай сыстэмы, то ейнае існаваньне цалкам зьвязанае зь Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай — створанай бальшавікамі на частцы тэрыторыі БНР марыянэткавай квазідзяржавай у складзе СССР. Ейны “герб” (узору 1927 г.) і сьцяг (узору 1951 г.), зь невялікімі рэдакцыйнымі праўкамі, былі абвешчаныя дзяржаўнымі сымбалямі Беларусі ў 1995 г., пасьля прыходу да ўлады нэасавецкага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.

Філёзафы кажуць, што структура  любога сымбалю “накіраваная на тое, каб даць праз кожную прыватную зьяву  цэльны вобраз сьвету”. У поўнай згодзе з гэтаю формулай у беларускіх умовах пазытыўнае ці нэгатыўнае стаўленьне да тае ці іншае сымболікі ёсьць галоўным індыкатарам сьветапогляду, галоўным тэстам на прыналежнасьць асобы да ліку грамадзянаў Беларусі эўрапейскай ці падданых Беларусі савецкай.

Думаю, будзе дастаткова трох невялічкіх цытатаў з выказваньняў на тэму сымболікі  прадстаўнікоў гэтых двух супраціўных  бакоў, каб пераканацца ў слушнасьці вышэйпаданых тэзаў. Вось заява чальцоў  гэтак званага “нацыянальнага сходу” — прадстаўнічага органа цяперашняй улады, — прызначаных туды асабіста Лукашэнкам пасьля разгону ў 1996 г. законна  абранага парлямэнту краіны:

У 1995 і 1996 гадах народ Беларусі дакладна і недвухсэнсоўна выказаўся па жыццёва важных пытаннях далейшага развіцця нашай дзяржавы і грамадства. Была адхілена ранейшая антынацыянальная сімволіка і зацверджана “новая-старая”, гэта значыць ранейшая, з якой большасць грамадзян Беларусі звязвае сваё жыццё і гісторыю Радзімы ў даваенныя і пасляваенныя гады, калі Беларусь была квітнеючай рэспублікай, адной з 15 брацкіх у саставе магутнай краіны Саюза ССР .

Улады і зараз добра разумеюць  штучнасьць сваёй сымболікі. Іх герб ужо даўно зьнік з паштовых марак Беларусі, а на грашовых купюрах так і не зьявіўся. І гэта не выпадкова. Народ не зьмірыўся з навязанай яму сымболікай. Ужо 27 ліпеня 1995 году на Дзень Незалежнасьці Беларусі ў горадзе Лёзна на Віцебшчыне легендарны Мірон узьняў на 40-мэтровым коміне райбыткамбінату бел-чырвона-белы сьцяг і пакінуў побач зь ім запіску: “Вярніце народу гістарычную памяць”.

Каб незаангажаваны ў беларускую палітыку замежны чытач мог скласьці сваё ўласнае ўяўленьне пра гістарычныя  падставы гэтых поглядаў на дзяржаўную сымболіку, а значыць і сьветапогляд апанэнтаў, мяркую, будзе дарэчы прапанаваць  яму больш падрабязную панараму гісторыі згаданых сымбаляў, чымся  папярэдні пункцірны агляд.

Такім чынам, узьнікненьне гербу “Пагоня”, па зьвестках старабеларускіх летапісаў, адносіцца да 70—90-х гадоў ХІІІ стагодзьдзя, калі выява вершніка з  занесеным над галавой мячом  “замацавалася ў якасьці рэпрэзэнтацыйнага  сымбалю за асобамі, якія ажыцьцяўлялі вярхоўную ўладу ў Вялікім  Княстве Літоўскім” 5, дзяржаве, якая на працягу ўсяго свайго існаваньня (сярэдзіна ХІІІ — канец XVIІІ ст.ст.) злучала ў адно цэлае землі, дзе ў ХХ ст. паўсталі сёньняшнія Літоўская Рэспубліка й Рэспубліка Беларусь. Продкі сучасных беларусаў складалі большую частку насельніцтва Княства, таму й ня дзіўна, што акурат яны дамінавалі ў культуры гэтай краіны на працягу ўсяго ейнага існаваньня (дастаткова згадаць, што мовай дзяржаўных актаў ВКЛ да канца XVIІ ст. была старабеларуская, якую пасьля зьмяніла роднасная ёй польская). Паўплывала беларуская культурная дамінацыя й на выбар дзяржаўнай эмблемы. Конная постаць рыцара была сюжэтам, вельмі шырока распаўсюджаным у тагачаснай эўрапейскай геральдыцы, дзе ён быў “іканаграфічным эквівалентам выразу dux (князь)” 6, аднак толькі ў Вялікім Княстве Літоўскім гэты сюжэт заняў месца на дзяржаўным гербе краіны (юрыдычна замацаваным Статутам ВКЛ 1566 г.). На думку спэцыялістаў, гэтаму паспрыялі мясцовая славянская традыцыя (што захоўвалася ў Беларусі яшчэ ў мінулым ХІХ ст.) шанаваньня паганскага боства Ярылы, “які езьдзіць на белым кані, на ягоных плячах белая мантыя” 7, ды мясцовая ж іканаграфія найбольш папулярных у беларусаў хрысьціянскіх сьвятых — сьв. Дзьмітра, сьв. Георга, сьв. Барыса й Глеба, — што выяўляліся ў выглядзе ўзброеных вершнікаў. Апрача дзяржаўнага герба, “Пагоня” прысутнічала й на зямельных гербах большасьці адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак ВКЛ і на ягонай дзяржаўнай харугве (сьцягу), якая ўяўляла сабою чырвонае чатырохраговае палотнішча “з выявамі Пагоні і Панны Марыі зь дзіцем-Ісусам у Сонцы” 8. Такім чынам, на працягу больш за 500 гадоў усе этнічна беларускія землі жылі “пад знакам Пагоні”, а продкі сучасных беларусаў проста ня ведалі іншай дзяржаўнай эмблемы, апрача гэтага арганічнага складніка эўрапейскае геральдычнае сыстэмы. Як агульнапрызнаны й агульнапрыняты сымбаль земляў, што ўваходзілі ў склад ВКЛ у апошні пэрыяд ягонага існаваньня, гэта значыць сучасных Літвы й Беларусі, успрымалася “Пагоня” і ў Расейскай імпэрыі. Таму шырокае выкарыстаньне гэтай эмблемы на гэтых землях працягваецца й пасьля іхняга далучэньня да Расеі ў канцы XVIІІ ст. Справядлівай для гэтага часу падаецца выснова вядомага беларускага геральдыста Анатоля Цітова:

Адлюстраванне старажытнай Пагоні на беларускіх губернскіх, павятовых, гарадскіх, вайсковых гербах было з’явай, якая канстатавала асэнсаванне суседнімі  народамі тоеснасці паняццяў: геаграфічна-этнічнага  — Беларусь, і геральдычнага —  Пагоня 9.

Дзеля гэтага зусім натуральным выглядае той факт, што дзеячы беларускага нацыянальна-вызвольнага руху, які на поўную моц заявіў пра сябе ў пачатку ХХ ст., уважалі “Пагоню” за натуральны нацыянальны сымбаль свайго народу. Клясык беларускай літаратуры Максім Багдановіч пісаў у 1916 г. у сваім хрэстаматыйным вершы “Пагоня”:

У гэты час белы рыцар “Пагоні” аздабляе й чырвонае палотнішча нацыянальнага  сьцяга. Аднак ужо неўзабаве, дзесьці  ў канцы 1916 — пачатку 1917 г., зьяўляецца й новы арыгінальны сьцяг беларускага руху. У поўнай згодзе з найбольш пашыраным у Эўропе прынцыпам сьцягаўтварэньня на падставе гербу, калі колеры асноўных дэталяў гербу (эмблемы й поля) адлюстроўваюцца на палотнішчы сьцяга шляхам спалучэньня гарызантальных палос рознай ці аднолькавай шырыні, эскіз гэтага бела-чырвона-белага сьцяга быў створаны беларускім архітэктарам і палітыкам Кляўдзіем Дуж-Душэўскім. У пачатку сакавіка 1917 г. бел-чырвона-белае палотнішча зьявілася ў Пецярбургу на будынку Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, супрацоўнікам якога быў Дуж-Душэўскі. А ўжо 25 сакавіка таго ж году менскі Беларускі нацыянальны камітэт прымае пастанову наступнага зьместу:

“1. Дзеля таго што амаль усе  гарады Менскай губэрні ўжывалі  ў сваіх пячатках старадаўнюю ПАГОНЮ, пастаноўлена захаваць гэтую спадчыну Вялікага Княства Літоўскага. Камітэт аднагалосна прыняў “Пагоню” ў якасьці дзяржаўнага гербу будучай незалежнай Беларусі.

2. Дзеля таго што ў беларускім  народным мастацтве пераважаюць белыя й чырвоныя ўзоры, палічана дарэчным ужыць гэтыя колеры ў беларускім нацыянальным сьцягу. Такім чынам, Камітэт пастанавіў, што сьцяг мусіць складацца з трох гарызантальных палосаў аднолькавае шырыні — белай, чырвонай і белай, і што даўжыня яго ўдвая большая за шырыню” 10.

Новы сьцяг настолькі арганічна  спалучаўся з старажытнай “Пагоняй”, што ўжо праз кароткі час стаўся агульнапрызнаным нацыянальным сымбалем. У тым самым 1917-м “Статут Беларускіх Нацыянальных Культурна-Прасьветных Гурткоў у войску” абавязваў сяброў гэтых гурткоў “насіць беларускі нацыянальны знак — белая стужка з чырвонай палоскай пасярэдзіне; усе тры палоскі — белая, чырвоная і белая — аднэй шырыні” 11. У сьнежні таго ж году бела-чырвона-белыя сьцягі аздаблялі залю паседжаньняў Усебеларускага зьезду — найважнейшага дзяржаватворчага форуму ў найноўшай гісторыі Беларусі, падчас якога 1872 дэлегаты ад усіх беларускіх земляў выказаліся за неабходнасьць вольнага дзяржаўнага самавызначэньня краю. Такім чынам, пытаньне аб дзяржаўнай сымболіцы першай навачаснай беларускай дзяржавы было, фактычна, вырашанае наперад: дзяржаўным гербам паўсталай у 1918 г. Беларускай Народнай Рэспублікі стаўся герб “Пагоня”, а ейным дзяржаўным сьцягам — бела-чырвона-белы сьцяг.

У тыя ж часы ўзьніклі й першыя праблемы, зьвязаныя з гэтаю сымболікай. Справа ў тым, што адначасна зь дзяржаватворчымі працэсамі на беларускіх землях аналягічныя падзеі адбываліся й на этнічнай тэрыторыі літоўцаў, яшчэ адных спадкаемцаў гісторыі й традыцыяў былога Вялікага Княства Літоўскага. У тым самым 1918 годзе на тэрыторыі былога Жмудзкага (Самагіцкага) староства ВКЛ (дарэчы, ягонай адзінай буйной тэрытарыяльнай адзінкі, якая мела ўласны герб, адрозны ад “Пагоні”, — чорнага мядзьведзя ў срэбным полі) і прылеглых да яго паветаў былых Віленскага й Троцкага ваяводзтваў была абвешчаная незалежная Літоўская дзяржава (спачатку манархія, а пазьней рэспубліка). З мэтай падкрэсьліць ейную гістарычна-юрыдычную пераемнасьць зь Вялікім Княствам Літоўскім (а тагачасныя літоўскія нацыянальныя дзеячы прэтэндавалі на атрыманьне ўлады над усімі землямі колішняга Княства) за дзяржаўны герб была ўзятая ўсё тая ж “Пагоня”. Прычым паколькі афіцыйная ідэалёгія абвяшчала акурат гэтую наваствораную Літву адзіным сапраўдным спадкаемцам былога Вялікага Княства Літоўскага, то і права выкарыстаньня эмблемы з узброеным вершнікам на белым кані на чырвоным тле нашчадкі жмудзінаў пакідалі толькі за сабою. З гэтай прычыны пэрыядычна здараліся інцыдэнты, накшталт выпадку ў сьнежні 1919 году, калі па дарозе з Бэрліну ў Рыгу на літоўскай мяжы была арыштаваныя дыпляматычная дэлегацыя БНР. Прычынаю арышту, паводле пратаколу затрыманьня, былі знойдзеныя пры мытным аглядзе “блянкі пашпартоў невядомай нам Беларускай Рэспублікі зь літоўскім гербам на вокладцы” 12.

Але яшчэ большымі ворагамі беларусы, якія паслугоўваліся “Пагоняю” і  бела-чырвона-белым сьцягам, былі для  прышлых з Усходу расейскіх бальшавікоў. Яшчэ падчас Усебеларускага зьезду выступ іхнага прадстаўніка быў такім: “Мы стаім за брацтва ўсіх народаў. Не павінна быць падзелу на нацыі”. Указваючы на нацыянальны беларускі сьцяг, гаворыць: “Кіньце гэты флаг” 13.

Канчаткова замацаваўшы сваю ўладу  над Беларусяй у 1920 г. і стварыўшы  тут “першую на беларускай зямлі  дзяржаву рабочых і сялян”, у 1922 г. бальшавікі аб’ядналі яе разам  зь іншымі падобнымі “дзяржавамі” ў адзіную камуністычную імпэрыю  — Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Адзіным сьцягам, які было дазволена  ўжываць на ўсёй ягонай тэрыторыі, быў  чырвоны сьцяг бальшавіцкай партыі. Адзіным дапушчальным адрозьненьнем быў надпіс у левым верхнім рагу, у нашым выпадку — “БССР”. Тое самае было і з гербам. Першы герб Савецкай Беларусі “быў копіяй дзяржаўнага гербу РСФСР з адрозьненьнем у надпісе” 14.

Некаторая лібэралізацыя камуністычнага рэжыму ў часы гэтак званага НЭПу і зьвязаная зь ёй тэндэнцыя прызнаньня за “савецкімі рэспублікамі” права  на пэўную нацыянальную адметнасьць  спрычыніліся да пастаноўкі пытаньня аб стварэньні новых “дзяржаўных” сымбаляў гэтых адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак СССР, “нацыянальных па форме, сацыялістычных па зьмесьце”. У лютым 1924-га ў БССР быў абвешчаны конкурс на найлепшы праект такога сымбалю. Ягоным пераможцам Рада Народных Камісараў прызнала расейскага мастака Валянціна Волкава, які, ня надта мудрагелячы, трохі падрэдагаваў герб Савецкай Расеі зь сярпом і молатам, пяціканцоваю зоркаю, сонцам і вянком, а для наданьня лякальнага калярыту зрабіў стужкі, што абвіваюць вянок, колераў нацыянальнага сьцягу беларусаў — бела-чырвона-белымі. “Новы” герб быў зацьверджаны 11.04.1927 на 8-м зьезьдзе Саветаў БССР з адной “невялічкай” праўкай: стужкам вярнулі колер, уласьцівы арыгіналу, — чырвоны. Мясцовыя “таварышы” лепш за выпускніка Пецярбурскай Акадэміі мастацтваў ведалі, дзе хаваецца бацыла “беларускага буржуазнага нацыяналізму”. Нішто ў сымболіцы “малодшага брата” ў “брацкай сям’і савецкіх народаў”, што ўпэўнена крочылі да пабудовы “новай нацыянальнай агульнасьці — адзінага савецкага народу”, ня мусіла нагадваць беларусам пра часы, калі яны імкнуліся самі, без дапамогі “правадыроў сусьветнага пралетарыяту”, вырашаць лёс сваёй краіны. Вось пад гэтаю “дзяржаўнай эмблемай”, якая час ад часу перажывала невялікія рэдакцыйныя праўкі, Беларусь і жыла да канца 1991 году.

Між іншым, вельмі сымптаматычна выглядае адна з правак, якая датычылася мовы тэксту “Пралетарыі ўсіх краінаў, злучайцеся!” на стужках вянка. Першапачаткова гэты тэкст падаваўся там на беларускай, ідыш, расейскай і польскай мовах, але 28 ліпеня 1938 году Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэньне пакінуць на гербе толькі беларуска- й расейскамоўны надпісы. Што, дарэчы, і ня дзіўна, калі ўлічыць, зь якім імпэтам НКВД акурат у тыя часы займаўся вынішчэньнем “агентаў Троцкага” й “белапольскіх шпіёнаў” на тэрыторыі Савецкай Беларусі.

І вось у траўні 1995 г. гэты ж “геральдычны знак”, які, дарэчы, мае вельмі мала супольнага з традыцыйнай геральдыкай, зьявіўся на франтоне будынку Адміністрацыі прэзыдэнта незалежнай Рэспублікі Беларусі, сымбалізуючы сабою імкненьне новага кіраўніцтва гэтай краіны і значнай часткі ейнага насельніцтва пазбавіцца ад цяжару незалежнасьці й вярнуцца ў “сьветлае савецкае ўчора”.

Яшчэ больш кароткая гісторыя ў  чырвона-зялёнага палотнішча, які сёньня вісіць над тым жа палацам. У пачатку 1950-х гадоў, зыходзячы зь нейкіх таямнічых меркаваньняў, Масква загадала адміністрацыям “савецкіх рэспублік” дадаць да чырвоных бальшавіцкіх сьцягоў зь сярпом і молатам, што лічыліся “дзяржаўнымі” ўва ўсіх частках Савецкага Саюзу, нейкія стандартызаваныя дэталі, якія мусілі сымбалізаваць пэўную “спэцыфіку” кожнай тэрыторыі. Выконваючы загад, Прэзыдыюм Вярхоўнага Савету БССР сваім указам ад 25.12.1951 дадаў (без аніякага тлумачэньня!) да кумачовага палотнішча зялёную паласу ўнізе й арнамэнт, узяты з ручніка, вышытага ў 1917 г. сялянкай М. Маркевіч зь вёскі Касьцілішча на Сеньненшчыне, уздоўж дрэўка. Эскіз гэтага сьцяга быў створаны зноў-такі (як і ў выпадку з гербам БССР) мастаком-расейцам, на гэты раз Мікалаем Гусевым.

Што датычыцца “Пагоні” й бела-чырвона-белага сьцяга, то, застаючыся афіцыйнымі сымбалямі  Беларускай Народнай Рэспублікі ды ейнага ўраду ў выгнаньні, вакол якога  гуртавалася беларуская палітычная эміграцыя, яны аўтаматычна траплялі пад фактычную забарону ў БССР. Адносна вольнае іх выкарыстаньне ў Беларусі да 1990 г. датуецца толькі часамі, калі савецкая акупацыя ў 1941—44 гг. зьмянілася на нямецкую. Спадзеючыся здабыць прыхільнасьць мясцовага насельніцтва, немцы не забаранялі беларусам паслугоўвацца нацыянальнымі сымбалямі. Натуральна, што ў такіх варунках ужывалі іх і некаторыя калябаранцкія арганізацыі (Беларуская рада даверу, Беларуская цэнтральная рада, Саюз беларускай моладзі і інш.). Немцам, як вядома, такі “лібэралізм” не прынёс значных дывідэндаў, аднак у больш позьнія часы гэты факт даў падставы для шматлікіх палітычных спэкуляцыяў вакол сымболікі прыхільнікам савецкага ладу.

Информация о работе Беларускае грамадзтва