Марк Шагал у культуры Беларусi i свету

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 11 Апреля 2012 в 18:14, реферат

Краткое описание

Прызнанне да Марка Шагала прыйшло вельмi рана. Расiйскiя мастацкiя крытыкi звярнулi ўвагу на мастака яшчэ напярэдаднi 1-й сусветнай вайны. У першай палове 1914 года Анатоль Луначарскi, будучы наркам асветы Савецкай Расii, надрукаваў у газеце "Киевская мысль" серыю эсэ пад назвай "Молодая Россия в Париже", прысвечаную творчасцi мастакоў - выхадцаў з Расiйскай iмперыi, што на той час жылi ў мастацкай сталiцы свету, дзе адзiн з артыкулаў быў прысвечаны Марку Шагалу (№ 73, 14 сакавiка 1914 г.).

Содержимое работы - 1 файл

Марк Шагал.docx

— 45.06 Кб (Скачать файл)

Ад'ехаўшы з Вiцебска, Марк Шагал пакiнуў у родным горадзе бацьку i сваiх сясцёр. Аднак Хацкель Шагал загiнуў у вынiку няшчаснага выпадку праз некалькi гадоў пасля ад'езду сына, да канца 1920-х з горада ў Маскву i Ленiнград з'ехалi сёстры мастака. Адзiным чалавекам у Вiцебску, з якiм Шагал падтрымлiваў перапiску на працягу больш чым 15 гадоў, быў ягоны першы настаўнiк Iегуда Пэн. Цёплыя чалавечыя стасункi памiж двума сябрамi, якiя так нiколi i не знайшлi паразумення ў сферы сваiх мастацкiх прыхiльнасцяў, выяўлялiся i ў той матэрыяльнай дапамозе, якую Шагал знаходзiў магчымасць аказваць Пэну ажно да пачатку 1930-х гг. i часу канчатковага ўсталявання "жалезнай заслоны" . Менавiта як адзiн з самых таленавiтых вучняў Шагал часта згадваўся ў публiкацыях, прысвечаных творчасцi Пэна, а калi апошняму ў 1925 г. Цэнтральнае праўленне Рабiса (работников искусства) вырашыла надаць званне заслужанага мастака БССР, сярод ягоных заслуг на працягу 35-гадовай дзейнасцi была згадана i "падрыхтоўка буйнога мастака" Марка Шагала . Пасля трагiчнай гiбелi Пэна ў 1937 г. Шагал напiсаў лiст, якi даслаў у Менск, дзе ён быў надрукаваны ў сталiчнай газеце "Октябрь".

Сiтуацыя 1930-х гг. у Беларусi былi адзначаны барацьбой з "рэцэдывамi нацыянал-дэмакратызму", у Еўропе - прыходам да ўлады нацыстаў. У 1933 гг. падчас правядзення адной з выстаў у Манхэйме нацысты зрабiлi аўтадафэ прац Марка Шагала. Пасля ўсталявання нацысцкага рэжыму ва ўсiх музеях Германii былi зняты з экспазiцый працы мастака, а тры ягоныя палотны - "Пурым", "Ацэншчык" i "Зiма" - прадстаўлены на выставе "Дэгенератыўнае мастацтва". У 1941 г. Шагал разам з iншымi знакамiтымi мастакамi - Пiкасо, Мацiсам, Дзюфi, Руо, Масонам i Максам Эрнстам атрымаў ад Музея сучаснага мастатцва ў Нью-Йорку запрашэнне пераехаць у Амерыку. Не адразу зразумеўшы ўсю своечасовасць гэтай прапановы, а таксама ступень небяспекi, якая пагражала мастаку i ягонай сям'i, Шагал 23 чэрвеня 1941 г. ад'ехаў у Злучаныя Штаты Амерыкi. Пасля нападу Германii на СССР i стварэння ў ЗША камiтэта дапамогi Савецкай Расii Шагал перадаў апошняму адну са сваiх прац. Мастака вельмi хвалявалi падзеi, што адбывалiся на ягонай радзiме. У 1943 г. Шагал сустрэўся з прадстаўнiкамi дэлегацыi дзеячоў савецкай культуры, якiя прыбылi ў Амерыку, i перадаў iм у падарунак дзве свае працы i лiст, адрасаваны "рускiм сябрам". Духоўнае вяртанне Марка Шагала на радзiму ў тыя часы знайшло сваё адлюстраванне ў серыi жывапiсных прац з заснежанымi пейзажамi, а таксама знакамiтым лiсце "Майму роднаму Вiцебску", надрукаваным у лютым 1944 г. ў адной з амерыканскiх газет, якi пачынаўся наступнымi паэтычнымi радкамi: "Даўно ўжо, мой любы горад, я цябе не бачыў, не чуў, не гутарыў з табою, з тваiм народам, не ўпiраўся ў твае парканы. Як сумны вандроўнiк, я толькi нёс усе гады твой вобраз на маiх карцiнах, i так з табой размаўляў, i, як у люстэрку, цябе бачыў".

Летам 1947 г. Шагал вярнуўся ў Францыю, i наступныя 38 гадоў ягонага  жыцця лiтаральна да самага апошняга дня былi напоўнены iнтэнсiўнай творчай працай. Мастак засвойваў ўсё новыя i новыя тэхнiкi i апроч традыцыйных жывапiсных палотнаў i графiкi выконваў тэатральныя дэкарацыi i касцюмы, керамiку, мазаiку, габелены, вiтражы для цэркваў i сiнагог, распiсаў плафон для Парыжскай Оперы ў палацы Гарнье. Ён увесь час ездзiў па свеце са сваiмi выставамi i часова жыў у Грэцыi, Iзраiлi, Iталii, ЗША i iншых краiнах. У 1948 г. на бiенале ў Вене Шагал атрымаў прэмiю за гравюру, у 1959 г. быў абраны ганаровым сябрам Амерыканскай Акадэмii мастацтва i лiтаратуры, у 1960 г. Еўрапейскi фонд культуры ўручыў яму i мастаку Оскару Какошцы прэмiю Эразма. Шагалу таксама было прысвоена званне honoris causa ва унiверсiтэтах Глазга (1959), Масачусетса (1960) i Notre-Dame ў Злучаных Штатах (1965), ён быў абраны ганаровым грамадзянiнам Іерусалiма (1978). 1 верасня 1978 г. мастаку быў прысуджаны вялiкi крыж Ганаровага Легiёна - узнагарода, якую ўручае прэзiдэнт Французскай Рэспублiкi. Адмыслова для серыi з 17 вялiкiх жывапiсных прац i 38 гуашаў Шагала ў Францыi ў горадзе Нiца на Лазурным беразе Мiжземнага мора быў створаны Нацыянальны музей "Бiблейскае Пасланне" Марка Шагала.

Шырокае i гучнае сусветнае  прызнанне мастака не перашкодзiла выпрацаваць сваё адметнае стаўленне да яго на радзiме, у Беларусi. У пасляваенныя гады iмя Шагала было ператворана ў своеасаблiвы жупел "рабскай залежнасцi ад заходне-еўрапейскай упаднiцкай буржуазнай культуры" , чужы кожнаму савецкаму чалавеку. У кнiгах па гiсторыi беларускага мастацтва фармалiсты i касмапалiты былi абвешчаны з'явай, якая перашкаджала ягонаму развiццю, а iнiцыятыва стварэння Народнага мастацкага вучылiшча ў Вiцебску раптам стала прыпiсвацца "партыйным арганiзацыям" . У 1965 г. выйшаў бiябiблiяграфiчны даведнiк "Выяўленчае мастацтва. Жывапiс" з серыi "Беларускае мастацтва", у якiм iмя Шагала зусiм не згадвалася, нават у сувязi з Пэнам цi iншымi мастакамi ягонага часу. Амаль на паўстагоддзе iмя Марка Шагала цалкам знiкла з беларускiх кнiг i артыкулаў. Нават у мастацтвазнаўчых манаграфiях 1970-х гг. мастаку было прысвечана ўсяго некалькi радкоў адмыслова як вучню Iегуды Пэна, ды i тое, як адмоўнаму прыкладу, якi парушыў сваю сувязь з рэалiстычнай традыцыяй . Выключэннi з такой сiтуацыi былi, але вельмi нешматлiкiя. Спробы апiсання мастацкай сiтуацыi ў Вiцебску ў часы камiсарства Шагала, а таксама аналiзу творчасцi мастака былi зроблены ў працах М. Арловай, В. Шматава, У. Бойкi . Станоўча адгукаўся аб творчасцi земляка пiсьменнiк-эмiгрант Юрка Вiцьбiч . Аднак з сумам даводзiцца канстатаваць, што некалькi пакаленняў жыхароў Беларусi выраслi без ведання творчасцi Шагала, нi воднай рэпрадукцыi прац якога не было выдадзена ў нашай краiне ажно да пачатку 1990-х гадоў.

Перамены Выйсце з гэтай  сiтуацыi ў нашым грамадстве адбываліся вельмi марудна. Наколькi глыбока ў свядомасць людзей укаранiлiся штампы савецкай прапаганды, выразна паказалi падзеi 1987 года, калi па ўсiм свеце па рашэннi ЮНЕСКО шырока адзначалася стагоддзе з дня нараджэння Марка Шагала. Гэты час супаў з пачаткам пэўных дэмакратычных зрухаў у савецкiм грамадстве, якiя выразна выявiлiся ў правядзеннi восенню гэтага года ў Маскве ў Музеi выяўленчых мастацтваў iмя А. С. Пушкiна першай за многiя дзесяцiгоддзi выставы прац Шагала. "Рэтраспектыва да стагоддзя Шагала ў музеi на Валхонцы была арганiзавана руплiва i шчодра, з пачуццём хутчэй за ўсё скупляемай вiны", - пiсаў пра яе мастацтвазнаўца В. Аляксееў .

Юбiлейная дата ў жыццi мастака  была адзначана i ў Беларусi, аднак  па-свойму - не адкрыццём мастацкiх  выстаў цi правядзеннем навуковых канферэнцый, а бруднай кампанiяй шэльмавання, разгорнутай партыйнымi органамi i падхопленай  на старонках рэспублiканскай прэсы, якая яшчэ на памяцi многiх з нас i якая вымагае асобнага даследавання .

Драматычныя падзеi канца 1980-х гг. скончылiся, зрэшты, прыняццем Вiцебскiм гарвыканкамам 23 верасня 1991 г. рашэння ў доме № 11 па вул. Пакроўскай (былая Дзяржынскага) стварыць Дом-музей Марка Шагала. Экспазiцыя ў Доме-музеi Шагала была адчынена для наведвальнiкаў у лiпенi 1997 г., у год 110-годдзя з дня нараджэння мастака. На некалькi гадоў раней у Вiцебску быў створаны Арт-цэнтр Шагала, у экспазiцыi якога сёння прадстаўлена каля 200 арыгiнальных графiчных аркушаў майстра. Усе яны з'яўляюцца ўласнасцю вiцебскага музея. Кожнае лета супрацоўнiкамi музея арганiзоўваецца Шагалаўскi фестываль, якi ўключае ў сябе навуковыя чытаннi, мастацкiя пленэры, канцэртныя выступленнi i iнш. культурныя мерапрыемствы. Даклады, прачытаныя на першых пяцi Шагалаўскiх чытаннях, былi выдадзены ў выглядзе "Шагаловского сборника" (Вiцебск, 1996). На сёняшнi дзень музей мае ўжо досыць вялiкую калекцыю кнiг, тэматыка якiх тычыцца творчасцi Шагала, мастакоў пачатку ХХ ст., а таксама яўрэйскай культуры. Ёсць намер зрабiць гэтую кнiжную калекцыю даступнай для самага шырокага кола чытачоў.

Такiм чынам, адбылося тое, што не магло не адбыцца - сусветна вядомы мастак Марк Шагал вярнуўся на сваю радзiму. З жалем даводзiцца канстатаваць толькi адно: акрэсленая вышэй сiтуацыя непрызнання i ганьбавання мастака вызначае не ягонае месца ў культуры Беларусi, а ўсяго толькi месца ў соцыуме, прычым, соцыуме савецкiм. Месца Шагала ў культуры нашай краiны яшчэ належыць асэнсаваць. I тут мы знаходзiмся толькi на самым пачатку шляху.


Информация о работе Марк Шагал у культуры Беларусi i свету