Капліца-пахавальня Святаполк-Мірскіх у Міры – помнік архітэктуры гістарызму пачатку ХХ ст

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 17 Апреля 2013 в 00:38, реферат

Краткое описание

Пачатак ХХ стагоддзя быў перыядам надзвычайнага росквіту ў сядзібнай архітэктуры Беларусі. Тут спалучалася новае і традыцыйнае, вынікам чаго была разнастайнасць форм і прыёмаў. У гэты час для будынкаў вялікіх сядзібных рэзідэнцый і малых паркавых форм у роўнай ступені былі ўласцівы складаная несіметрычная планіроўка, дынамічная кампазіцыя і маляўнічы “гістарычны” дэкор 1.
Самым яскравым прыкладам такой архітэктуры з’яўляецца Мірская капліца – фамільная пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх, узведзеная ў ландшафтным парку маёнтка Мір пецярбургскім архітэктарам Р. Марфельдам у 1904–1915 гг. Мірскую капліцу без перабольшання можна лічыць адным з найцікавейшых помнікаў архітэктуры нашай краіны.

Содержимое работы - 1 файл

473add9a0a25.doc

— 36.50 Кб (Скачать файл)

Шымялевіч Г.Г.

 

Капліца-пахавальня Святаполк-Мірскіх у Міры –

помнік архітэктуры гістарызму пачатку ХХ ст.

 

Пачатак ХХ стагоддзя  быў перыядам надзвычайнага росквіту ў сядзібнай архітэктуры Беларусі. Тут спалучалася новае і традыцыйнае, вынікам чаго была разнастайнасць форм і прыёмаў. У гэты час для будынкаў вялікіх сядзібных рэзідэнцый і малых паркавых форм у роўнай ступені былі ўласцівы складаная несіметрычная планіроўка, дынамічная кампазіцыя і маляўнічы “гістарычны” дэкор 1.

Самым яскравым прыкладам такой архітэктуры з’яўляецца Мірская капліца – фамільная пахавальня князёў Святаполк-Мірскіх, узведзеная ў ландшафтным парку маёнтка Мір пецярбургскім архітэктарам Р. Марфельдам у 1904–1915 гг. Мірскую капліцу без перабольшання можна лічыць адным з найцікавейшых помнікаў архітэктуры нашай краіны. Яе стварэнне мае сваю перадгісторыю, і некаторыя факты раскрываюць ідэйны грунт таго складанага мастацкага рашэння, якое знайшоў для капліцы пецярбургскі архітэктар Р. Марфельд.

Як прынята адзначаць у краязнаўчай  літаратуры, “сугучча прозвішча князёў Святаполк-Мірскіх і назвы набытага імі ў 1891 г. маёнтка Мір з’яўляецца выпадковым”2.

Тым не менш бясспрэчна, што імкненне зрабіць Мір сваёй фамільнай  рэзідэнцыяй адпавядала вялікім  амбіцыям гэтай сям’і,  якая не вызначалася асаблівай радавітасцю (у XVII стагоддзі Мірскія былі вядомыя сярод браслаўскай шляхты). У другой палове ХІХ ст. два пакаленні Святаполк-Мірскіх зрабілі імклівую кар’еру на вайсковай і дыпламатычнай службе ў Расійскай Імперыі, і вось тады – post factum – выпадак даў ім магчымасць займець Мір як “радавое гняздо”. Князі Святаполк-Мірскія ўзвялі ў маёнтку новы двухпавярховы палац (згарэў у 1914 г. і не быў адноўлены) і сямейную пахавальню.

Такім чынам, «звышзадачай» пры  будаўніцтве Мірскай капліцы  было стварэнне вобраза-легенды, унутрысямейнага сімвала  старажытных каранёў, высакароднага паходжання і арыстакратызму княжацкага роду. Таму заказчыкі не шкадавалі сродкаў, і капліца, фактычна, «вырасла» да аб’ёмаў невялікай царквы: з вежай-званіцай, двумя парталамі і нават з сістэмай ацяплення (печкамі ў зале і ў крыпце).

Р. Марфельд (1852–1921), аўтар праекта Мірскай капліцы, – не “архітэктар-мастак” (так іменаваліся выпускнікі Акадэміі мастацтваў), а “грамадзянскі інжынер”, які не ставіў перад сабой задачы стварэння арыгінальных архітэктурных вобразаў і шырокага прымянення прынцыпу эклектыкі, спалучаючы ў дэкоры збудаванняў фармальныя сродкі гістарычных стыляў з моднымі элементамі мадэрну. Тым не менш, кампазіцыйнае рашэнне капліцы нельга не прызнаць удалым: нават на значным аддаленні будынак мае выразны сілуэт, стромкая вежа з невялікім купалам цягнецца ўверх, а асноўны аб’ём, абцяжараны высокай абсідай, двумя парталамі, высокай лесвіцай галоўнага ўваходу стварае важкую, масіўную аснову.

Капліца пабудавана з чырвонай цэглы, цокаль часткова аблямаваны шэрым і шэра-зялёным гранітам. Такі выбар матэрыялаў невыпадковы, фактура і колер каменю і цэглы адыгрывае найважнейшую дэкаратыўную ролю і відавочна ўтрымлівае ў сабе ілюзію на старажытны Мірскі замак. Значнае месца на галоўным фасадзе капліцы займаюць маёлікавае пано з выявай Хрыста Уседзяржыцеля і чаканны картуш з геральдычнай кампазіцыяй. Картуш і пано маюць узбуйненыя памеры, гэта, фактычна, самастойныя і паўнавартасныя элементы архітэктурнай кампазіцыі капліцы. Нагадаем, што менавіта ў стылістыцы мадэрну “з другаснага ўпрыгожання жывапіс і скульптура пераўтвараюцца ў кампазіцыйны сродак першаступеннай важнасці”.

Шырокія гарызантальныя цягі, карнізы складанага профілю, з  медальёнамі, “кроплямі і сухарыкамі”, архівольты падкупальнай канструкцыі, афармленне парталаў і вокнаў – усе гэтыя элементы архітэктурнага дэкору маюць знарочыстую складанасць. Нават куты збудавання аформлены кожны па-свойму: паўднёва-ўсходні “зрэзаны”, паўднёва-заходні ўпрыгожаны пілястрамі. Такая надзвычайная вынаходлівасць архітэктара, уменне насыціць і нават перанасыціць кампазіцыю дэталямі і акцэнтамі часам ставіла ў тупік нашых даследчыкаў архітэктуры, якія інтэрпрэтавалі Мірскую капліцу як прыклад “выкарыстання матываў старажытнарускага дойлідства”.

На справе складаны комплекс рэтраспекцый у дэкоры Мірскай капліцы  цяжка трактаваць у рэчышчы  таго ці іншага напрамку архітэктуры гістарызму (рэтраспектыўна-рускага, неагатычнага ці неараманскага). Гэта – характэрны прыклад свядомага змяшэння рознастылёвых элементаў, у аснове якога ляжыць пэўная ідэалагічная праграма. Дэкаратыўныя матывы, што ўзыходзяць да эпохі Сярэднявечча (перспектыўны партал уваходу,  масіўная вежа, дэкаратыўныя краты вокнаў і інш.) павінны былі падкрэсліць арыстакратызм заказчыкаў, прыхільнасць сям’і Святаполк-Мірскіх да еўрапейскай культуры.

Аднак найважнейшыя акцэнты  дэкаратыўнай сістэмы капліцы маюць  падкрэслены “візантыйска-рускі” характар (завяршэнне вежы ў выглядзе сферычнага візантыйскага купала, маёліка  “Хрысос Уседзяржыцель” на галоўным фасадзе). Маёлікавае пано, дзякуючы гучнасці насычаных колераў, эфектнаму залатому фону, погляду Хрыста, які неадступна звернуты на гледача, настолькі яскрава выдзяляецца на фасадзе капліцы, што пры пэўным успрыняцці ўсё збудаванне можна трактаваць як велізарную мудрагелістую “раму” манументальнага абраза. Пры яўнай некананічнасці архітэктурнага рашэння, яго сувязь з праваслаўнай храмавай традыцыяй была абавязковай, паколькі сям’я Святаполк-Мірскіх, чыім фамільным храмам і месцам апошняга прытулку павінна была стаць капліца, належала да праваслаўя, выводзячы свой радавод ад кіеўскага князя Святаполка.

Такім чынам, спалучэнне разнародных рэтраспектыўных матываў  у архітэктуры Мірскай капліцы  мела невыпадковы, праграмны характар. Вобразнае рашэнне гэтага унікальнага помніка па духу звязана з дзвюма моцнымі традыцыямі – агульнаеўрапейскай і праваслаўнай,  а кампазіцыя выкарыстоўвае прынцыпы стылю “мадэрн”. Аўтар і заказчыкі спрычыніліся да архітэктурных пошукаў пачатку ХХ ст., а плён іх дзейнасці – Мірская капліца – для свайго часу быў авангардысцкім эксперыментам пераходнай эпохі, калі архітэктура развітвалася з мінулым і шукала сучасную мастацкую мову.

_________________________

 

1. Шымялевіч  Г.Г. Стылявыя напрамкі другой  паловы ХІХ – пачатку ХХ стст. у архітэктуры капліц Беларусі // Альманах: Запіскі Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. – 2000. – № 3. – С. 72 – 74.

2. Федорук А.Т. Садово-парковое  искусство Белоруссии. – Мн., 1989. – С. 197.

3. Кириченко Е.И. Русская архитектура 1830–1910 гг. – М., 1982. – С. 231.

4. Гісторыя беларускага мастацтва:  У 6 т. Т. З. – Мн., 1989. –  С. 192.


Информация о работе Капліца-пахавальня Святаполк-Мірскіх у Міры – помнік архітэктуры гістарызму пачатку ХХ ст