Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 13 Мая 2012 в 13:49, реферат

Краткое описание

Першае пранікненне чалавека на тэрыторыю Беларусі адбылося ў прамежку часу 100 – 40 тыс. гадоў назад. Такая недакладнасць у вызначэнні тэрміну тлумачыцца тым, што ў старажытнасці беларускія землі былі заняты ледавіком. Ледавіковая эпоха пачалася каля 500 тыс. гадоў таму назад і скончылася толькі ў 9 тыс. да н. э. Ледавік не знаходзіўся на адным месцы.

Содержимое работы - 1 файл

лекции по истории беларуси.doc

— 464.00 Кб (Скачать файл)

 

БССР у міжваенны перыяд (1921 – 1939)

 

Аднаўленне БССР адбылося 31 чэрвеня 1920 г. Усходняй мяжой БССР абвяшчалася мяжа Мінскай губерні, заходняя мяжа ўсталявалася адпаведна Рыжскай дамове 1921 г. У 1924 і 1926 гг. адбыліся ўзбуйненні тэрыторыі БССР – былі далучаны паветы Віцебскай, Гомельскай і часткова Смаленскай губерняў, большую частку насельніцтва якіх складалі беларусы. ІІ Усебеларускі з’езд Саветаў 1920 г. прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919 г. Вышэйшым кіруючым органам быў з’езд Саветаў, выканаўчым – Савет Народных Камісараў (СНК). Некамуністычныя партыі апынуліся пад забаронай. Разам з тым дзеячы іншых партый і арганізацый, згодныя супрацоўнічаць з новымі ўладамі, атрымалі амністыю. Кіраванне фінансавай палітыкай, вайсковым будаўніцтвам, чыгункай і г. д. належала ўладам РСФСР (пазней СССР). Дзяржаўнай мовай зацвярджалася беларуская. Урад праводзіў палітыку беларусізацыі. Але ў афіцыйным карыстанні знаходзіліся таксама руская, польская і ідыш (яўрэйская) мовы. 30 снежня 1922 г. БССР падпісала дамову аб стварэнні Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік (СССР).

Пасля заканчэння савецка-польскай вайны БССР апынулася ў цяжкім эканамічным становішчы: назіраліся моцны спад прамысловай вытворчасці, інфляцыя. Сяляне пакутавалі ад харчразвёрсткі, у гарадах большасць прадуктаў размяркоўвалася па картках. Таму ў 1921 – 1928 гг. у БССР, як і ў іншых савецкіх рэспубліках, праводзілася новая эканамічная палітыка (нэп), мэтай якой было аднаўленне эканомікі. Нэп складалася з сельскагаспадарчай (пераход ад харчразвёрсткі да харчпадатку), фінансавай (увядзенне саўзнакаў і забяспечанага золатам чырвонца), прамысловай (падтрымка дробных уласнікаў, арандатараў і канцэсіянераў, пераход буйных прадпрыемстваў да самаакупнасці і г.д.) і гандлёвай (дзяржаўная манапалізацыя знешняга і дазвол прыватнага гандлю на ўнутраным рынку) рэформ. У 1921 г. былі канчаткова пераразмеркаваны памешчыцкія землі. Наркамзем БССР Дз.Ф. Прышчэпаў (1925 – 1929) арыентаваўся на стварэнне хутарскіх і вотрубных, разам з падтрымкай калектыўных гаспадарак. У выніку нэпа да 1926 г. валавы ўнутраны прадукт БССР перасягнуў узровень 1913 г.

Аднак у 1928 г. цэнтральныя савецкія ўлады распачалі пераход да планавай эканомікі. З гэтай мэтай 1 кастрычніка 1928 г. пачаў дзейнічаць першы пяцігадовы план. Быў абвешчаны курс на паскораную індустрыялізацыю і калектывізацыю. Ад рынкавых метадаў забеспячэння эканомікі ўрад перайшоў да цэнтралізаванага размеркавання і дырэктыўных загадаў. Дзяржава манапалізавала сродкі вытворчасці. Быў пабудаваны вялізны бюракратычны апарат. Толькі за дзве першыя пяцігодкі ў БССР было пабудавана 1700 новых прадпрыемстваў, галоўным чынам у сферы харчовай і лёгкай прамысловасці. Каб знайсці сродкі, улады рэспублікі замарожвалі зарплату рабочых, скарачалі выдаткі на сацыяльную сферу. Дапамогу аказвалі і іншыя рэспублікі. Да 1935 г. дзейнічала карткавая сістэма забеспячэння. Не хапала кваліфікаваных спецыялістаў. Узровень жыцця насельніцтва на пачатку 30-х гг. значна пагоршыўся. Энтузіязм працоўных падаграваўся масавай прапагандай, незадаволеныя арыштоўваліся.

Летам 1929 г. былі абвешчаны суцэльная калектывізацыя і ліквідацыя заможнай часткі сялян – кулакоў як класа, забараняліся арэнда зямлі і найманне рабочых. Большую частку сялянства прымусова вымушалі ўступаць у калгасы. Ствараліся новыя саўгасы і машынна-трактарныя станцыі (МТС). Большая частка прадукцыі, вырабленай калгаснікамі, забіралася дзяржавай. Аднаасобнікі абкладаліся вялікімі падаткамі. У выніку знізіліся паказчыкі развіцця сельскай гаспадаркі, у 1933 г. у некаторых раёнах БССР пачаўся голад. Сяляне актыўна выступалі супраць гвалту з боку ўладаў. У 1929 – 1930 гг. яны ў вялікай колькасці забівалі жывёлу, каб не перадаваць яе ў калгасы. У 1930 і 1932 гг. назіраўся масавы выхад з калгасаў. Але ўлады адказвалі рэпрэсіямі. Раскулачванню падвяргаліся не толькі кулакі, але часам і сераднякі. Толькі па пастанове 1932 г. "Аб ахове маёмасці" ў БССР больш за 10 тыс. чалавек было абвешчана "ворагамі народа". У 1935 г. было калектывізавана ўжо 85,6 % сялянскіх двароў, а ў 1939 г. – 90 %.

У канцы 1920-х гг. пачаўся курс на згортванне беларусізацыі. Канстытуцыя 1927 г., прынятая VIII з’ездам Саветаў, захавала самаўладдзе Саветаў. Канстытуцыя 1937 г. вызначала вышэйшым органам улады Вярхоўны Савет. Усталяванне ў СССР дыктатуры Сталіна прывяло да масавых чыстак партыйных арганізацый ад "ворагаў народа" і палітычных рэпрэсій. Толькі па справе 1930 г. аб неіснуючым "Саюзе вызвалення Беларусі" было арыштавана 108 чалавек, у тым ліку В. Ластоўскі, Дз. Прышчэпаў, А. Смоліч, М. Гарэцкі і інш. Унутраны тэрор не аслабляўся да смерці Сталіна ў 1953 г. Яго ахвярамі сталі многія палітычныя і культурныя дзеячы, вучоныя, артысты, пісьменнікі, святары і нават простыя людзі – каля 600 тыс. грамадзян Беларусі.

Змены ў эканамічным і палітычным жыцці адбіваліся і на развіцці культуры. У 20-я гг. разам з палітыкай беларусізацыі праводзілася барацьба з непісьменнасцю. У пачатку 30-х гг. колькасць непісьменных сярод дарослага насельніцтва скарацілася да мінімуму. Адчыняліся новыя школы. У 1921 г. пачаў сваю працу Беларускі дзяржаўны універсітэт, у 1922 г. - Інстытут беларускай культуры (з 1929 г. - Акадэмія навук). Былі таксама створаны політэхнічны, сельскагаспадарчы інстытуты (у 1925 г. быў аб'яднаны з інстытутам у Горках у сельскагаспадарчую акадэмію) і ветэрынарны інстытут у Віцебску. З поспехам працаваў Беларускі драматычны тэатр (БДТ), які ў 1921 г. ўзначаліў Я. Міровіч, і трупа У. Галубка. У 1926 г. ў Віцебску адчыніўся БДТ-2. У Гомелі і Магілёве з'явіліся сімфанічныя аркестры. У 1926 г. ў Ленінградзе на студыі "Савецкая Беларусь" быў зняты першы беларускі фільм "Лясная быль" Ю. Тарыча.

Актыўна праходзіла і літаратурнае жыццё. У 20-я гг. існавала некалькі буйных літаратурных аб'яднанняў: "Маладняк" (М. Лынькоў, М. Чарот, П. Трус, П. Галавач і інш.), "Узвышша" (А. Бабарэка, П. Глебка, З. Бядуля, М. Лужанін, К. Крапіва і інш.) і "Полымя" (Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны, М. Чарот і інш.). У 1928 г. узнікла Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў (БелАПП).

Фарсіраваная індустрыялізацыя 30-х гг. і патрэба ў кадрах вымусіла ўрад яшчэ больш уважліва ставіцца да адукацыі. У гэты час былі адчынены кансерваторыя, філармонія, тэатр оперы і балета. Аднак сталінскія рэпрэсіі, якія закранулі амаль усіх дзеячаў культуры (арыштоўваліся нават Я. Купала і Я. Колас) не садзейнічалі імкліваму развіццю літаратуры, навукі і мастацтва.

 

Заходняя Беларусь у складзе Польшчы (1921–1939)

 

У выніку падпісання Рыжскага мірнага дагавора паміж Польшчай і Савецкай Расіяй (18.3.1921) заходнія беларускія тэрыторыі плошчай 98 815 км2 з насельніцтвам звыш 3 мільёнаў чалавек (з із беларусаў больш за 50 %) сталі часткай "другой Рэчы Паспалітай". Яны былі падзелены на чатыры ваяводствы (Віленскае, Беластоцкае, Наваградскае і Палескае), 29 паветаў і гміны. Палякі называлі гэтыя тэрыторыі "крэсы ўсходнія", "паўночна-ўсходнія землі Польшчы", "Белапольшча", што падкрэслівала пазіцыю непрызнання беларускіх зямель як асобнай не толькі тэрытарыяльна-палітычнай, але і этнічнай адзінкі.

У эканамічным плане Заходняя Беларусь была аграрным рэгіёнам. У сельскай гаспадарцы гэтага краю было занята звыш 80 % насельніцтва. Многія сяляне пакутавалі ад мала- ці беззямелля. Звыш 50 % пашы належала памешчыкам. У 20-х гг. польскі ўрад праводзіць на далучаных землях шэраг аграрных рэформ: парцэляцыю – продаж памешчыкамі праз банк часткі сваіх зямель па фіксаваных цэнах; камасацыю – аб’яднанне ў адзіны надзел дробных сялянскіх палосак і высяленне сямей на хутары; пераход сервітутаў – сумесных для карыстання памешчыкаў і сялян зямель (сенажаць, лес, месца для рыбнай лоўлі і інш.) – да прыватных уласнікаў. У выніку комплексных мерапрыемстваў у сельскай гаспадарцы ўмацавалася становішча заможных і сярэдніх сялян, паскорыўся працэс сацыяльнага расслаення на вёсцы, актывізавалася канцэнтрацыя сельгасвытворчасці. У 1926 г. быў прыняты закон, па якім польскія афіцэры і унтэрафіцэры (асаднікі) маглі набываць на далучаных да Польшчы землях за невялікія грошы надзелы плошчай ад 15 да 45 гектараў. Яны мелі права насіць зброю і карыстацца ёй па сваім жаданні. Гэтай мерай польскі ўрад імкнуўся стварыць сабе сацыяльную апору на вёсцы.

Прамысловасць Заходняй Беларусі насіла пераважна дробны характар (каля 80 % прадпрыемстваў) з найбольшым развіццём харчовай і дрэваапрацоўчай галін. У адносінах да рабочых прымянялася пашыраная сістэма штрафаў, не развівалася сацыяльнае заканадаўства (рабочы дзень дасягаў 12–14 гадзін, не было шпітальных кас і інш.). Сярэдняя заработная плата рабочага на заходнебеларускіх прадпрыемствах складала каля 68 % ад заработнай платы рабочага ў Цэнтральнай Польшчы. Значна абвастрыў стан працоўных эканамічны крызіс 1929 – 1933 гг., у выніку 46 % рабочых засталіся без працы. Адным з вынікаў непамернай эксплуатацыі народа і цяжкага сацыяльна-эканамічнага стану стаў масавы выезд за мяжу: за 1921 – 1939 гг. краіну пакінулі каля 120 – 150 тысяч чалавек; выхадцы з Беларусі пераязджалі ў Канаду, ЗША, краіны Заходняй Еўропы і Лацінскай Амерыкі.

Яшчэ адным паказчыкам цяжкага становішча стала нацыянальна-рэлігійная палітыка польскага ўрада, якая мела мэтай непрызнанне і далейшае знішчэнне беларускай нацыі. Зачыняліся навучальныя ўстановы з беларускай мовай навучання, мясцовыя настаўнікі замяняліся польскімі, скарачалася колькасць беларускіх бібліятэк, клубаў, хат-чытальняў, выдавецтваў, а значыцца і выданняў (з 23 беларускіх газет і часопісаў у 1927 г. праз пяць год засталося толькі 8). Беларускую мову забаранялася ўжываць у дзяржаўных установах. Няведанне польскай мовы прызнавалася непісьменнасцю і вяло да пазбаўлення выбарчых правоў. Зачыняліся ці ператвараліся ў каталіцкія праваслаўныя храмы.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі дзейнічала 19 турмаў і канцэнтрацыйны лагер у Бярозе-Картузскай. Рэжым санацыі Ю. Пілсудскага (1926 – 1939) узмацніў сацыяльны, нацыянальны і рэлігійны прыгнёт, што выклікала актывізацыю нацыянальна-вызваленчага і рэвалюцыйнага руху ў Заходняй Беларусі. У першай палове 20-х гадоў пераважалі ўзброеныя выступленні партызанскага характару. У паўночна-заходнім рэгіёне дзейнічалі беларускія эсэры; яны вызначалі патрабаванні самавызначэння беларускіх зямель і спынення ўрадавых рэпрэсій. З 1923 г. ў заходнебеларускім рэгіёне пачынае дзейнічаць камуністычная партыя (КПЗБ), якая разам з заходнеўкраінскай, з’яўлялася часткай кампартыі Польшчы (КПП). У 1924 г. з’явіўся Камуністычны Саюз Моладзі Заходняй Беларусі (першы сакратар – В. Харужая). З’яўленне новай палітычнай сілы – КПЗБ – спрыяла пашырэнню партызанскага руху. Але актывізацыя ўзброеных выступленняў паўплывала на ўвядзенне асаднага становішча і далейшае згортванне партызанскай барацьбы.

У сярэдзіне 20-х гадоў на палітычную сцэну выходзіць яшчэ некалькі сіл, сярод якіх вызначаецца Беларуская сялянска-работніцкая грамада (БСРГ). За два гады яе існавання (1925 – 1927) яна ператварылася ў самую масавую палітычную арганізацыю сялян Еўропы. Яе праграмныя мэты: самавызначэнне Заходняй Беларусі, аб’яднанне ўсіх беларускіх зямель, сялянска-рабочы ўрад, ліквідацыя асадніцтва, дэмакратыя, свабода, нацыянальная роўнасць і навучанне на роднай мове. На пазіцыях нацыянальнага вызвалення беларускага народа стаялі некаторыя іншыя партыі і арганізацыі.

Яшчэ ў 1922 г. ў польскім сейме пачала сваю працу фракцыя "Беларускі пасольскі клуб", якую стварылі 11 лідэраў розных палітычных сіл Заходняй Беларусі. Яе галоўнай мэтай было адстойванне інтарэсаў беларускага насельніцтва праз парламенцкую дзейнасць. У 1927 г., напярэдадні выбараў у сейм была створана беларуская дэпутацкая фракцыя "Змаганне за інтарэсы сялян і рабочых" (І. Гаўрылік і інш.).

Увогуле сярэдзіна 20-х – пачатак 30-х гг характарызаваліся імкненнем да спалучэння легальных і рэвалюцыйных формаў барацьбы. На выбарах 1928 г. толькі за дэпутатаў ад КПЗБ было аддадзена 26 % галасоў. У першай палове 30-х гг. значна зніжаецца колькасць выступленняў з нацыянальна-вызваленчымі лозунгамі. Прычына таму – эканамічны крызіс, які пацягнуў за сабой значнае пагаршэнне стану жыцця працоўных. У рабочым руху адзначаецца паступовы рост забастовачнай барацьбы з перавагай стачак эканамічнага характару. З 1931 г. пачынаецца рост сялянскіх выступленняў; адбываецца ўзброенае паўстанне сялян Кобрынскага павета (8.1933) і найбуйнейшае паўстанне нарачанскіх рыбакоў, у якім удзельнічала каля 5 тыс. чал. (1935 – 1939).

Другая палова 30-х гг. стала цяжкім часам для рэвалюцыйна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі. У Еўропе шырылася фашысцкая пагроза. У 1935 г. быў створаны адзіны антыфашысцкі фронт. Гэта садзейнічала рэвалюцыйнаму ўздыму 1936 – 1937 гг., які змяніўся спадам. Жорсткая рэпрэсіўная палітыка польскіх улад прыводзіла да шматлікіх арыштаў лідэраў палітычных арганізацый (арыштавана больш за 30 тысяч чалавек) і забароны іх дзейнасці. У 1938 г. Камінтэрнам была распушчана КПП і яе адгалінаванне – КПЗБ.

Зместам нацыянальна-культурнай палітыкі польскіх улад на заходнебеларускіх землях была прымусовая паланізацыя і асіміляцыя мясцовага насельніцтва. Супраць гэтага выступіла Таварыства беларускай школы. Яно дзейнічала на працягу 1921– 1937 гг. У розны час яго ўзначальвалі Б. Тарашкевіч, І. Дварчанін, Р. Шырма і інш. Яго сябры выступалі за беларускую школу, рыхтавалі новыя падручнікі, стваралі чытальні, гурткі самаадукацыі. У канцы 20-х гг. пад націскам грамадскасці было адчынена 18 беларускіх школ. Ідэйным кіраўніком ТБШ стаў вучоны-філолаг, літаратар, аўтар "Беларускай граматыкі для школ" (1918) Браніслаў Тарашкевіч. Сапраўднымі асяродкамі беларускай мовы і культуры становяцца Беларускі інстытут гаспадаркі і культуры (1926 – 1936), беларускія гімназіі ў Вільні (1914 – 1944), Наваградку, Нясвіжы, Радашковічах, Клецку, Будславе (зачынены ў канцы 20-х – пачатку 30-х гг.). У віленскіх выдавецтвах выходзяць "Хрэстаматыя беларускай літаратуры ХІ век – 1905 год" М. Гарэцкага (1922), "Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры (ад 1905 г.)" І. Дварчаніна (1927), падручнікі для беларускіх школ С. Рак-Міхайлоўскага, С. Паўлоўскага, беларускамоўныя часопісы і газеты ("Маланка", "Шлях моладзі", "Летапіс ТБШ" ("Беларускі летапіс"), "Беларуская крыніца" і інш.). У 1921 г. на базе прыватнай калекцыі беларускага археолага і этнографа І. Луцкевіча па ініцыятыве Беларускага навуковага таварыства (1918–1939) быў заснаваны Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей. У навуковай і культурна-асветніцкай рабоце актыўна ўдзельнічалі В. Ластоўскі, А. Станкевіч, Б. Тарашкевіч, браты Луцкевічы і інш.

У час, калі ў БССР пачаўся працэс згортвання палітыкі беларусізацыі, супрацьстаянне прымусовай паланізацыі ў Заходняй Беларусі садзейнічала актывізацыі і аб'яднанню беларускай інтэлігенцыі. Нацыянальны фактар вызначаўся як галоўны ў сацыяльна-палітычнай барацьбе. У канцы 20-х – 30-я гады палітыка польскага ўрада канчаткова павярнулася да ліквідацыі беларускіх нацыянальных асяродкаў (выдавецтваў і выданняў, культурна-асветніцкіх арганізацый).

Для заходнебеларускай літаратуры характэрна перавага паэтычнага жанру, які адзначаецца эмацыянальнай рэакцыяй на падзеі, актыўнай грамадзянскай пазіцыяй аўтараў (М. Танк, В. Таўлай, М. Засім), а таксама рамантызмам і лірызмам (Н. Арсеннева, К. Сваяк, У. Жылка і інш.). Выяўленчае мастацтва адметна касмічнымі, гістарычнымі і сімволіка-алегарычнымі карцінамі Я. Драздовіча ("Дух зла" і інш.), бытавымі палотнамі М. Сеўрука і П. Сергіевіча, партрэтам і пейзажам (Г. Семашкевіч), карыкатурамі Я. Горыда. Сур’ёзную працу па збіранні і прапагандзе беларускага фальклору праводзілі Р. Шырма, Г. Цітовіч. Утвараліся хоры (адзін з самых папулярных – хор Беларускага саюзу студэнтаў у Вільні), рэпертуар якіх складаўся пераважна з беларускіх песень. Значны ўнёсак у музычную культуру зроблены кампазітарамі К. Галкоўскім, Л. Раеўскім, оперным спеваком і выканаўцам народных беларускіх песень М. Забэйда-Суміцкім.

 

Беларусь у 2-й сусветнай вайне

 

2-я сусветная вайна была самай шырокамаштабнай ваеннай кампаніяй у сусветнай гісторыі. У ёй прыняла ўдзел 61 дзяржава; ваенныя дзеянні вяліся на тэрыторыі 40 краін. Асноўнай прычынай вайны стала незадавальненне Германіі і яе саюзнікаў (Італіі, Японіі) вынікамі 1-й сусветнай вайны, імкненне іх пераразмеркаваць сферы ўплыву ў свеце. У гэтых краінах да ўлады прыйшлі фашысцкія партыі. Асабліва жорсткі таталітарны рэжым усталяваўся ў Германіі. Нацыянал-сацыялістычная рабочая партыя Германіі на чале з А. Гітлерам праводзіла палітыку мілітарызацыі. Нацыянал-сацыялісты сцвярджалі, што немцы як прадстаўнікі "чыстай арыйскай расы" павінны панаваць у свеце. Іншыя народы павінны быць германізаваны, ператвораны ў рабоў ці цалкам знішчаны.

Тактыка мацнейшых дзяржаў (ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі) па накіраванні агрэсіі фашысцкай Германіі супраць СССР толькі актывізавала рост яе ваенна-стратэгічнага патэнцыялу. Не знайшла падтрымкі ў вышэйшых заходнееўрапейскіх колах і прапанова СССР аб стварэнні сістэмы калектыўнай бяспекі супраць фашызму. Праводзімыя вясной – летам 1939 г. перагаворы ваенных дэлегацый СССР, Англіі і Францыі аб каардынацыі дзеянняў супраць агрэсіі не прывялі да пагаднення. 23 жніўня 1939 г. паміж СССР і Германіяй быў падпісаны дагавор аб ненападзе, па сакрэтным пратаколе якога краіны падзялялі сферы ўплыву ў Еўропе. Гэты дакумент часова заспакоіў Гітлера ў тым, што Савецкі Саюз не будзе прадпрымаць актыўных дзеянняў супраць Германіі, калі тая распачне новую ваенную кампанію.

1 верасня 1939 г., Германія напала на Польшчу. Пачалася 2-я сусветная вайна. Францыя і Вялікабрытанія аб’явілі Германіі вайну, прытрымліваючыся свайго абяцання дапамагчы Польшчы, калі яна будзе ўцягнута ў ваенны канфлікт. Савецка-германскі пакт 23 жніўня 1939 г. аб ненападзе з сакрэтным дадатковым пратаколам, які вызначыў падзел еўрапейскіх краін на сферы ўплыву паміж СССР і фашысцкай Германіяй, падрыхтаваў умовы для ўключэння заходнебеларускіх і заходнеўкраінскіх зямель у склад СССР. Пасля пачатку другой сусветнай вайны і заняцця нямецкімі войскамі ўласна польскай тэрыторыі (15 верасня 1939 г. захоплены Беласток) Савецкі ўрад аддае загад войскам Беларускага (камандуючы М.П. Кавалёў) і Украінскага франтоў аб пачатку вызваленчага паходу на тэрыторыі Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны (17.9.39). Польскі ўрад не мог сябе лічыць у стане вайны з СССР, таму галоўнакамандуючы польскай арміі Э. Рыдз-Смігал загадвае не ўступаць ва ўзброеныя сутычкі з савецкімі войскамі. Гэта, а таксама пяціразовая перавага сіл Чырвонай Арміі садзейнічалі таму, што ваенных дзеянняў паміж савецкімі і польскімі часцямі амаль не было.

Ужо 22 верасня 1939 г. камбрыг Крывашэін і генерал Гудэрыан прымалі сумесны ваенны парад у Брэсце. Да 25 верасня заходнебеларускія землі былі поўнасцю заняты савецкімі войскамі, а 28 верасня падпісаны дагавор аб сяброўстве і мяжы паміж СССР і Германіяй, па якім часткі Варшаўскага і Люблінскага ваяводстваў перайшлі пад уплыў Германіі, а Літва – СССР. Хутка рашэннем Савецкага ўрада да Літвы былі далучаны Вільня і Віленскае ваяводства.

Большасць насельніцтва ўспрыняла паход Чырвонай Арміі з радасцю. У гарадах утвараліся часовыя ўпраўленні, а ў вёсках сялянскія камітэты, якія разглядалі гаспадарчыя, адміністрацыйныя, культурна-асветніцкія пытанні. 28 –30 кастрычніка 1939 г. Народны сход Заходняй Беларусі абвясціў усталяванне савецкай улады, нацыяналізацыю банкаў і буйной прамысловасці, канфіскацыю памешчыцкіх зямель. Было прынята рашэнне прасіць Савецкі ўрад аб далучэнні Заходняй Беларусі да БССР. Далучаная да Савецкай Беларусі тэрыторыя падзялілася на 5 абласцей і 101 раён. Утвараліся новыя органы ўлады, на дзейнасць якіх значны ўплыў аказвалі партыйныя і камсамольскія работнікі, працоўныя, прысланыя з СССР. Не ведаючы мясцовай спецыфікі, звычаяў, мовы, многія з іх выклікалі недавер і расчараванне мясцовага насельніцтва. Нацыяналізаваліся не толькі буйныя, але і дробныя прадпрыемствы. Праходзіла рэканструкцыя і будоўля новых заводаў і фабрык, павялічылася колькасць рабочых месцаў. Адкрыліся нацыянальныя школы, бясплатныя бальніцы і медыцынскія пункты.

Адмоўную ролю адыграла рэпрэсіўная палітыка сталінскага ўрада, у выніку якой на чэрвень 1941 года ў Сібір, Казахстан і іншыя рэгіёны СССР было дэпартавана больш за 120 тысяч асаднікаў, заможных сялян, бежанцаў. На працягу другой паловы 30-х гг. былі арыштаваны і загінулі ў турмах кіраўнікі і дзеячы беларускага нацыянальнага руху М. Гарэцкі, Б. Тарашкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, І. Дварчанін і інш. Былі разгромлены падпольныя арганізацыі прапольскага накірунку.

І ўсё ж аб’яднанне заходнебеларускіх зямель з БССР мела вельмі вялікае значэнне: пасля доўгага перапынку амаль усе тэрыторыі з пераважнай большасцю беларускага насельніцтва мелі адзіныя межы; гэта спрыяльна адбілася на развіцці беларускай нацыі. Значныя змены адбыліся ў сацыяльна-эканамічным і культурным жыцці заходніх абласцей БССР.

Між тым Германія падпарадкоўвала сабе краіны Еўропы і рыхтавала моцны ўдар супраць СССР, які з’яўляўся сур’ёзнай перашкодай планам аб сусветным панаванні. У снежні 1940 г. быў гатовы план "Барбароса" – распрацоўка "бліц крыга", – маланкавай (за 3 – 4 месяцы) вайны з СССР. У маі 1941 г. быў зацверджаны "ОСТ" – план каланізацыі і знішчэння савецкіх народаў. Германія сур’ёзна рыхтавалася да вайны. Гэтага не магло не ўсведамляць савецкае кіраўніцтва. Але менавіта непадрыхтаванасць Чырвонай Арміі да вайны амаль усе даследчыкі лічаць асноўнай прычынай ашаламляльных перамог нацысцкай арміі ў першыя месяцы вайны.

22 чэрвеня 1941 г. пачалася Вялікая Айчынная вайна – вызваленчая барацьба савецкіх народаў супраць Германіі і яе саюзнікаў. Першы ўдар нямецкай групы армій "Цэнтр" (камандуючы генерал-фельдмаршал Т. фон Бок) быў нанесены па часцях Заходняй асобай ваеннай акругі (камандуючы генерал арміі Дз. Паўлаў), якая размяшчалася пераважна на тэрыторыі Беларусі. Ужо 28 чэрвеня 1941 г. быў захоплены Мінск, а да канца жніўня 1941 г. ўся тэрыторыя Беларусі была занята нямецкімі войскамі. Каб спраўдзіць ваенна-гістарычныя пралікі, якія дапусціла вышэйшае ваенна-палітычнае кіраўніцтва СССР, у здрадзе інтарэсам Радзімы, у развале ўпраўлення войскамі былі абвінавачаны і расстраляны Дз. Паўлаў і іншыя военачальнікі акругі – усяго 12 чалавек. Нечаканасць вераломнага нападу Германіі, аб чым было абвешчана сродкамі масавай інфармацыі ў першыя ж гадзіны вайны, была хутчэй прапагандысцкім крокам, накіраваным на насельніцтва: вайна не была нечаканасцю ні для кіраўніцтва краіны, ні для жыхароў, асабліва прыгранічных раёнаў. На самай справе адной з важнейшых прычын паражэнняў савецкіх войск у пачатку вайны можна лічыць адсутнасць сур’ёзна прадуманай абарончай (а не наступальнай!) дактрыны, падрыхтаванай глыбокай абароны, а таксама перавагу ваеннага і эканамічнага патэнцыялу Германіі. Галоўны ўдар Сталін чакаў на Кіеўскім напрамку. Позна былі складзены і даведзены да ведама планы дзеянняў акругоў. Не былі прыведзены ў баявую гатоўнасць многія часці Заходняй асобай ваеннай акругі (частка войскаў аставалася ў летніх лагерах, некаторыя арміі знаходзіліся ў стане пераўзбраення і перафарміравання); назіраўся невысокі ўзровень баявой падрыхтоўкі салдат; невялікая колькасць новых узораў танкаў і самалётаў. Яшчэ не завяршылася інжынернае пераабсталяванне новай заходняй мяжы, якую атрымаў СССР пасля восеньскага (1939) паходу на Польшчу. Умацаваныя раёны, якія вельмі актыўна будаваліся з вясны 1941 г., амаль не былі забяспечаны абсталяваннем і зброяй. Слабой аказалася зенітная абарона. За перадваенныя гады было рэпрэсіравана звыш 40 тысяч афіцэраў і генералаў арміі. Нестабільны аказаўся маральна-палітычны стан сялянства (асноўны кантынгент арміі), незадаволенага прымусовай калектывізацыяй. Масавае знішчэнне нацыянальнай інтэлігенцыі абуджала абурэнне савецкім рэжымам. Да таго ж, аператыўная канфігурацыя часцей 10-й арміі ЗахАВА на беластоцкім выступе паграджала хуткім акружэннем войскаў з боку Гродна і Брэста. Гэтыя, а таксама многія іншыя прычыны паўплывалі на тое, што ў першыя месяцы вайны Чырвоная Армія не змагла даць рэальнага адпору гітлераўцам.

Пад Беластокам і Мінскам Чырвоная Армія страціла звыш 3,3 тыс. танкаў, 738 самалётаў (528 з іх не паспелі падняцца ў паветра); людскія страты склалі звыш 330 тысяч чалавек.

Ужо на другі дзень вайны з’явілася дырэктыва аб арганізацыі ўзброеных добраахвотных атрадаў для аховы ад падрыўных дзеянняў ворага; на Беларусі дзейнічала 78 знішчальных батальёнаў, групы самааховы ў вёсках. За лета 1941 г. з тэрыторыі БССР было вывезена на Усход 99 фабрык і заводаў, электрастанцый, звыш 58 тысяч адзінак сельскагаспадарчай тэхнікі, 1,5 мільёна чалавек. У той жа час вялізныя ваенныя склады трапілі ў рукі ворага.

Па распрацаваным нацыстамі плане "ОСТ", які тычыўся Усходняй Еўропы, павінна было быць знішчана і выслана 75 % беларускага насельніцтва, а астатніх планавалася анямечыць і выкарыстоўваць для абслугоўвання нямецкага грамадства, якое павінна было засяліць новыя тэрыторыі. На захопленай тэрыторыі ўсталёўваўся "новы парадак" – сістэма палітычных, ваенных, эканамічных мер, накіраваных на знішчэнне дзяржаўнага ладу і грамадства. Уся ўлада на акупіраванай тэрыторыі належала нямецкай ваеннай і цывільнай адміністрацыі, якая абапіралася на атрады СС, СД, СА, гестапа, крымінальную і ахоўную паліцыю. На захопленай тэрыторыі БССР пражывала каля 9 мільёнаў чалавек. Для масавага знішчэння "непаўнацэннага" (з пункту гледжання акупантаў) насельніцтва будаваліся спецыяльныя месцы прымусовага ўтрымання: на Беларусі налічвалася каля 300 лагераў смерці. Найбуйнейшы – у Малым Трасцянцы – займаў трэцяе месца па колькасці загубленых пасля Асвенціма і Майданака (звыш 200 тыс. чал.). Пад прымусовае пражыванне людзей па расавых, прафесійных, рэлігійных і іншых прыкметах адводзіліся цэлыя гарадскія кварталы – гета. На тэрыторыі нашай рэспублікі дзейнічала толькі 155 гета для яўрэйскага насельніцтва, – ва ўсіх гарадах і мястэчках, дзе пражывалі яўрэі. Акрамя гэтага, татальнаму знішчэнню на ўсёй тэрыторыі СССР падлягалі цыгане, гомасексуалісты, псіхічна хворыя людзі і г. д. Супраць партызан і мірных жыхароў Беларусі было арганізавана, па няпоўных дадзеных, звыш 120 буйных карных экспедыцый, падчас якіх было спалена разам з жыхарамі 628 вёсак.

У ідэалагічным плане акупанты імкнуліся падзяліць насельніцтва і супрацьпаставіць адно аднаму. Чацвёртая частка нашай тэрыторыі ўвайшла ў склад генеральнай акругі "Беларусь", якая ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята "Остланд". Палессе адышло да рэйхскамісарыята "Украіна", частка Брэсцкай і Беластоцкай абласцей – да Усходняй Прусіі, паўночна-заходнія раёны Віленскай вобласці – да Літвы, Усходняя частка Беларусі ўвайшла ў зону тылу групы армій "Цэнтр".

Спачатку нямецкія ўлады імкнуліся захаваць калгасны лад для больш пільнага кантролю і ўліку сельгаспрадукцыі. Але пасля бітвы пад Масквой зямля перадавалася абшчынным гаспадаркам; у 1943 годзе сяляне атрымалі зямлю ў часовае карыстанне. На акупіраванай тэрыторыі працавалі навучальныя ўстановы: семінарыі, гімназіі і прагімназіі (у Вільні і інш.). Прамысловыя прадпрыемствы працавалі на патрэбы Трэцяга рэйха. Частка прадукцыі, а таксама неэвакуіраваныя прадпрыемствы, музейныя каштоўнасці, буйная рагатая жывёла і прадукты харчавання, людзі вывозіліся ў Германію (на прымусовыя работы было вывезена каля 380 тыс. чал.).

Пэўную ролю ў нямецкай акупацыйнай палітыцы адыгралі калабарацыяністы – асобы, палітычныя партыі, грамадскія рухі і арганізацыі, якія супрацоўнічалі з захопнікамі. Праўда, беларускі калабарацыянізм не адыгрываў істотнай ролі ва ўмацаванні пазіцый акупацыйных улад. Найбольшае развіццё гэтая з’ява атрымала ў генеральнай акрузе "Беларусь", дзе праводзіліся мерапрыемствы па асабістай ініцыятыве генеральнага камісара Вільгельма Кубэ. Апора была ім знойдзена ў беларускіх нацыянальных дзеячах, расчараваных сталінскім рэжымам, якія імкнуліся пры супрацоўніцтве з немцамі адрадзіць беларускую дзяржаўнасць. Для беларусізацыі розных бакоў жыцця грамадства ў 1941 г. была ўтворана Беларуская Народная Самапомач (БНС) на чале з І. Ермачэнкам. У снежні 1943 г. абвясцілі аб утварэнні мясцовага "ўрада", – Беларускай цэнтральнай рады (БЦР, Р. Астроўскі), якая займалася пераважна справамі адукацыі і культуры, сацыяльнага забеспячэння мясцовага насельніцтва. Дзейнічалі і іншыя арганізацыі, накшталт Саюзу Беларускай Моладзі (М. Ганько, Н. Абрамава).

Нямецкія ўлады імкнуліся таксама стварыць узброеныя фарміраванні з прадстаўнікоў розных народаў, у тым ліку з беларусаў. У 1942 – 1943 гг. на нашай тэрыторыі дзейнічалі нешматлікія атрады Беларускай самааховы (БСА), але большасць ваенных супрацоўнікаў завозілася з-за межаў Беларусі – з Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Расіі. Не стаў паспяховым і праект утварэння Беларускай краёвай абароны (БКА). Амаль паўсюдна на Беларусі распаўсюджвалася толькі цывільнае супрацоўніцтва, калі прадстаўнікі мясцовага насельніцтва ажыццяўлялі ўладу на акупіраванай тэрыторыі. Існавалі і паліцэйскія фарміраванні, якія аказвалі актыўную дапамогу акупантам. Але нельга забывацца на тое, што многія з іх рабілі гэта прымусова. Па прыблізных падліках, на Беларусі рознымі формамі супрацоўніцтва з нямецкімі ўладамі было ахоплена каля 80 – 100 тысяч чалавек. Увогуле калабарацыянізм у гады Вялікай Айчыннай вайны – з'ява вельмі неадназначная і патрабуе грунтоўнага, глыбокага, шматбаковага вывучэння.

Нават пасля адыходу часцей Чырвонай Арміі з Беларусі тут працягвалася антыфашысцкая барацьба. Дырэктывы ЦК КП(б)Б ад 30 чэрвеня 1941 г. і 1 ліпеня 1941 г. паставілі задачу ўтварэння на ўсёй тэрыторыі рэспублікі сеткі падпольных груп і партызанскіх атрадаў, якія б вялі пастаянную барацьбу з ворагам. Атрады беларускіх падпольшчыкаў налічвалі каля 70 тыс. чалавек. Асабліва моцнае было мінскае партыйнае і камсамольскае падполле, узначаленае І.К. Кавалёвым і С.К. Ляшчэняй. У 1944 г. Мінскі падпольны гаркам КП(б)Б узначальваў 120 арганізацый і груп, якія займаліся разведвальнай, дыверсійнай, прапагандысцкай, нават тэрарыстычнай (забойства В. Кубэ) дзейнасцю. На жаль, пасля вызвалення Мінска каля 300 членаў падполля былі арыштаваны і абвінавачаны ў супрацоўніцтве з немцамі. Сярод вядомых дзеячаў беларускага падполля варта прыгадаць І.П. Казінца, І.К. Кабушкіна, К.С. Заслонава, В.С. Амельянюка, В.З. Харужую.

Вядучай формай усенароднай барацьбы на Беларусі стаў партызанскі рух. Першы партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Ц. Бумажкова і Ф. Паўлоўскага пачаў дзейнічаць на Палессі ўжо ў чэрвені 1941 г. Усяго на працягу 1941 г. з'явілася звыш 99 атрадаў і груп. Для цэнтралізацыі кіраўніцтва і каардынацыі дзейнасці партызан быў створаны Беларускі штаб партызанскага руху (2.10.1942–14.11.1944 гг., кіраўнік П.З. Калінін). Таленавітымі арганізатарамі і камандзірамі паказалі сябе М.П. Шмыроў, П.М. Машэраў, В.І. Казлоў, В.З. Корж. За гады вайны баявыя дзеянні на Беларусі вялі 1255 партызанскіх атрадаў агульнай колькасцю 374 тыс. чал., некаторыя з іх аб’ядноўваліся ў брыгады (213). Абсалютную большасць партызан складала мясцовае насельніцтва. К канцу 1943 г. каля 60 % тэрыторыі рэспублікі з’яўляліся партызанскімі зонамі – тэрыторыямі, якія часткова ці поўнасцю кантраляваліся партызанамі. Найбуйнейшыя з іх: Барысава-Бягомльская, Полацка-Лепельская, Суражская, Івянецка-Налібоцкая.

Для парушэння чыгуначных перавозак гітлераўцаў, пашкоджання тэхнікі, знішчэння жывой сілы партызаны арганізавалі сапраўдную "рэйкавую вайну", у якой можна вызначыць наступныя этапы: 1) 3 жніўня – 19 верасня 1943 г. – у падтрымку контрнаступлення пад Курскам; 2) верасень – лістапад 1943 г. ("Канцэрт") – для садзейнічання прасоўвання часцей Чырвоноай Арміі на тэрыторыю Беларусі; 3) з 19 чэрвеня 1944 г. – напярэдадні беларускай наступальнай аперацыі. Дзеянні партызан мелі і зваротны бок: так, у чэрвені 1944 г. у зоне дзеяння 1-га Прыбалтыйскага фронту было падарвана больш за 80% чыгуначных шляхоў, што сур'ёзна ўскладніла наступальны тэмп савецкіх войск.

Адной з асаблівасцей развіцця антыфашысцкай барацьбы ў заходніх раёнах Беларусі было існаванне на гэтай тэрыторыі падпольных груп Лонданскага эміграцыйнага ўрада Польшчы. У 1942 г. на тэрыторыі рэспублікі пачалі дзейнічаць атрады Арміі Краёвай (АК), стварыўшы тут Наваградскую, Палескую, Валынскую і Віленскую акругі. Пасля разрыву адносін паміж СССР і польскім эміграцыйным урадам у красавіку 1943 г. абвастрылася канфрантацыя АК з савецкімі партызанскімі атрадамі. Часткі АК імкнуліся перашкодзіць усталяванню савецкай улады на вызваленых тэрыторыях (восень 1943 г. – аперацыя "Бура" і захоп Заходняй часткі Украіны, Беларусі і Віленшчыны падчас адступлення нямецкіх войск); але многія атрады супрацоўнічалі з Чырвонай Арміяй. Пасля няўдалай спробы ўзняць паўстанне ў Варшаве (жнівень 1944 г.) хутка АК была распушчана эмігранцкім урадам. Акрамя таго, на тэрыторыі Палесся ваенныя дзеянні супраць гітлераўцаў вялі ўкраінскія нацыяналістычныя ўзброеныя фарміраванні.

Пасля перамогі пад Курскам у ходзе бітвы за Днепр Чырвоная Армія падышла да ўсходняй мяжы Беларусі. 23 верасня 1943 г. быў вызвалены першы раённы цэнтр – Камарын. За час асенне-зімовага наступлення поўнасцю або часткова сталі савецкімі 36 раёнаў і абласныя цэнтры Гомель і Мазыр. Такім чынам, адбыўся першы этап вызвалення Беларусі.

Завяршальным крокам на шляху поўнага выгнання нямецкіх войск з тэрыторыі БССР стала Беларуская наступальная аперацыя "Баграціён" (23.6.– 29.8.1944). У ёй прынялі ўдзел войскі 1-га (кам. маршал К.К. Ракасоўскі), 2-га (кам. генерал арміі Г.Ф. Захараў), 3-га (кам. генерал арміі І.Д. Чарняхоўскі) Беларускіх і 1-га Прыбалтыйскага (кам. генерал арміі І.Х. Баграмян) франтоў, 1-я армія Войска Польскага, Дняпроўская ваенная флатылія і мясцовыя партызанскія злучэнні. Лінія фронту цягнулася на 500 км. Каардынацыю дзеянняў ажыццяўлялі маршалы Г.К. Жукаў і А.М. Васілеўскі. На першым этапе аперацыі (23.6 – 4.7) было завершана акружэнне Мінскай групіроўкі (Мінскі "кацёл") і вызвалена сталіца Беларусі (3.7.1944). У выніку 2-га этапа (5.7. – 29.8) савецкія войскі падышлі да заходняй мяжы СССР. Беларусь была вызвалена поўнасцю. 8 мая 1945 г. у Карлсхорсце быў падпісаны Германіяй акт аб капітуляцыі. Завяршальнай аперацыяй Вялікай Айчыннай вайны стала Пражская наступальная аперацыя (6 – 11.5.1945). Фіналам другой сусветнай вайны лічыцца прызнанне паражэння апошнім нямецкім саюзнікам – Японіяй (2.9.1945).

Вайна прынесла незлічоныя страты беларускаму народу. Па прыблізных падліках загінула каля 2,7 мільёнаў жыхароў рэспублікі. Агульныя страты (у цэнах 1941 г.) склалі 75 мільярдаў рублёў: эканоміка БССР была адкінута да ўзроўню 1928 г. Спалена 9,2 тыс. вёсак, вывезена 90 % станкоў і тэхнічнага абсталявання, 96 % энергетычных магутнасцей. Пасяўныя плошчы скараціліся на 43 %. Некалькі соцень тысяч чалавек пакінулі краіну як палітычныя эмігранты. Перамога стала магчымай толькі дзякуючы самаахвярнай дзейнасці савецкіх грамадзян на франтах і ў тыле ворага. У 1945 г. Беларусь страціла частку сваёй тэрыторыі: да Польшчы адышла частка Беластоцкай вобласці, а да Літвы – 5 раёнаў Віцебскай і Вілейскай абласцей.

 

Сацыяльна-палітычнае і сацыяльна-эканамічнае развіццё БССР у пасляваенны перыяд (1945 - 1991)

 

Амаль адразу пасля вызвалення Беларусі ў 1944 г. пачалося аднаўленне эканомікі БССР. У вызваленую Беларусь з іншых рэспублік СССР былі накіраваны тысячы трактараў і аўтамашын, дзесяткі тысяч галоў жывёлы. У сакавіку 1946 г. СНК БССР ператварыўся ў Савет Міністраў. У верасні таго ж года быў зацверджаны план чацвёртай пяцігодкі. Дзякуючы гераічным намаганням рабочых і калгаснікаў, да канца 1950 г. аб'ём валавай прадукцыі на 15 % пераўзышоў адпаведны паказчык 1940 г. За гэты час былі пабудаваны новыя прадпрыемствы: аўтамабільны, трактарны, гіпсавы заводы, камвольны камбінат ў Мінску, завод дарожных машын ў Жодзіне, дываноў – у Віцебску і г. д. У 1947 г. адмянялася картачная сістэма размеркавання прадуктаў.

Але спадзяванні народа на лібералізацыю жорсткага сталінскага рэжыму не спраўдзіліся. Сталін пайшоў на некаторае змягчэнне свайго курсу падчас вайны толькі дзеля больш паспяховай мабілізацыі народных мас на барацьбу з ворагам. Пачаліся новыя масавыя арышты, расстрэлы, высылкі ў савецкія канцэнтрацыйныя лагеры. Любы чалавек, які трапіў на акупіраваную тэрыторыю ў ваенны час, быў пад сумненнем. Ужо ў 1947 г. па сцэнарыі 30-х гадоў былі праведзены новыя сфабрыкаваныя працэсы супраць "нацыяналістычных" беларускіх арганізацый. Перамога ў вайне выкарыстоўвалася як важны патрыятычны козыр для ўмацавання аўтарытэту партыі і яе правадыра – Сталіна. Адраджэнне вёскі тармазілася апорай на калгасы і саўгасы, у фонд якіх прымусова вярталі зямлю, перададзеную сялянам падчас вайны. Аграрная палітыка ў Заходняй Беларусі была накіравана на скасаванне прыватнай гаспадаркі як асноўнай формы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. За два гады (1949 – 1950) чатыры пятых сялянскіх двароў былі аб'яднаны ў калгасы. Вёска, як і раней, разглядалася ў якасці донара індустрыялізацыі. У выніку па ўсіх важных паказчыках у сельскагаспадарчай вытворчасці ў 1950 г. узровень 1940 г. не быў дасягнуты.

У 1944 г. БССР атрымала права знешніх зносін. У 1945 г. яна стала адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб'яднаных Нацый (ААН), а пасля і іншых уплывовых арганізацый. Аднак міжнародная дзейнасць БССР была вельмі абмежавана. Тым не менш гэта паспрыяла росту аўтарытэту рэспублікі.

Смерць Сталіна (1953) мела пераломнае значэнне для ўсіх сфер жыцця савецкага грамадства. На ХХ з'ездзе КПСС у 1956 г. быў асуджаны культ асобы. Адбылася некаторая дэмакратызацыя грамадскага жыцця, былі рэабілітаваны многія ахвяры рэпрэсій. У 1961 г. новая праграма партыі мела намер пабудаваць камунізм у СССР да 1980 г., на працягу жыцця аднаго пакалення. З гэтага моманту партыйнае кіраўніцтва афіцыйна атрымала права адміністрацыйнага кантролю. На працягу 1960 - 1970 гг. усе беларускамоўныя школы пераводзіліся на рускую мову навучання.

Ужо ў 1953 г. былі прыняты першыя рашэнні, якія садзейнічалі развіццю вёскі. Паляпшалася матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне калгасаў і саўгасаў, былі павялічаны закупачныя цэны на сельскагаспадарчую прадукцыю, памяншаліся падаткі з сялян. У 1958 г. тэхніка машынна-трактарных станцый была прададзена калгасам, каб павялічыць ступень іх самастойнасці. Але кардынальнаму паляпшэнню дзейнасці сельскай гаспадаркі перашкаджаў шэраг аб'ектыўных абставін. Па-першае, калектыўная гаспадарка не стварала дзейсных стымулаў для працы сялян з поўнай самааддачай. Па-другое, было прынята памылковае стратэгічнае рашэнне аб павелічэнні пасяўной плошчы за кошт апрацоўкі цаліны. Мэтазгодна было б укласці выкарыстаныя на гэта грошы ў наяўны сельскагаспадарчы фонд для павелічэння прадукцыйнасці. Па-трэцяе, адсутнічала паслядоўнасць у правядзенні сельскагаспадарчых рэформ. Характэрнай была "кампанейшчына" – правядзенне мерапрыемстваў па змяненні кіравання сельскай гаспадаркай, па масавых пасевах кукурузы і іншых паўднёвых раслін у не прыдатных для яе раёнах. Планы па развіцці сельскай гаспадаркі перыядычна не выконваліся. Так, калі за сямігодку (1959 – 1965) аб'ём прамысловай прадукцыі ўзрос у 2,1 раза, то валавая прадукцыя сельскай гаспадаркі – толькі на 38%.

Нягледзячы на хуткія тэмпы росту і развіцця новых важных галін прамысловасці (хімічнай, нафтаперапрацоўчай і г. д.), электрыфікацыю і газіфікацыю, прамысловасць апынулася ў няпростай сітуацыі. У эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ў эканоміцы развітых краін свету адбываліся вельмі істотныя змены, якія мелі далёка ідучыя наступствы. Спажыванне станавілася больш спецыялізаваным, колькасць новых тэхналогій падвойвалася і патройвалася ўсяго за некалькі год, тэхналогіі ўсё больш хутка станавіліся састарэлымі і патрабавалі замены. Адсутнасць развітай сферы паслуг толькі пагаршала сітуацыю. Нарастаў дэфіцыт, які быў непазбежным вынікам бюракратызаванай структуры кіравання.

У 1964 г. Першы сакратар ЦК Кампартыі М. Хрушчоў быў вызвалены ад займаемай пасады, кіраваць партыяй і краінай быў пастаўлены Л. Брэжнеў. У 1965 г. на Беларусі кампартыю ўзначаліў П. Машэраў. Пасля змены кіраўніцтва ў сакавіку і верасні 1965 г. пленумы ЦК КПСС разгледзелі пытанні аб развіцці сельскай гаспадаркі і паляпшэнні кіравання эканомікай. Замест створанай у 1957 г. тэрытарыяльнай сістэмы кіравання была зноў уведзена галіновая пад кіраўніцтвам асобных міністэрстваў. Былі пашыраны правы прадпрыемстваў па распараджэнні прыбыткамі (прадпрыемствы атрымалі магчымасць будаваць жыллё, дзіцячыя садкі, санаторыі для сваіх супрацоўнікаў, што павялічвала стымуляванне працы), былі прыняты меры па барацьбе з безгаспадарчасцю, па лепшым выкарыстанні рэсурсаў. З калгасаў і саўгасаў спісваліся даўгі, павялічваліся закупачныя цэны на сельгаспрадукцыю, узрасла тэхнічная ўзброенасць вытворчасці. Канчаткова былі ліквідаваны апошнія прыкметы савецкага прыгонннага права для калгаснікаў – як і ўсе іншыя грамадзяне краіны, яны атрымалі пашпарты, права на пенсію, на гарантаваную аплату працы. Большая свабода была дадзена ў развіцці ўласнай гаспадаркі.

Пяцігодка 1966 – 1970 гг. была настолькі паспяховай, што потым атрымала назву "залатой". У БССР аб'ём вытворчасці прадукцыі прамысловасці ўзрос на 79%, сельскай гаспадаркі – на 45%. Дзякуючы нізкім коштам на паліва і з'яўленню новых прадпрыемстваў, у 70-я гг. ВНП БССР перасягаў адпаведныя паказчыкі большасці рэспублік Савецкага Саюза, а таксама Аўстрыі, Венгрыі і Балгарыі. Нягледзячы на гэта, узровень аплаты працы заставаўся даволі нізкі. Пры агульным росце ўзроўню жыцця насельніцтва павялічвалася колькасць дэфіцытных тавараў, паколькі пры планавай эканоміцы немагчыма прадказаць рэальную патрэбу ў асобных відах прадукцыі. Хранічнай праблемай заставалася нізкая якасць тавараў, іх небагаты асартымент. У краіне пачаўся перыяд застою. Узмацніўся пераслед інакшдумаючых (дысідэнтаў). Аднак канцлагеры цяпер замяняліся на турмы і псіхіятрычныя шпіталі.

У красавіку 1985 г. на пост Генеральнага сакратара ЦК КПСС быў абраны М.С. Гарбачоў. Ён хутка абвясціў курс рэформаў, якія атрымалі назву "перабудова". Пачала распрацоўвацца праграма комплексных зменаў па вывадзе краіны з доўгага эканамічнага крызісу. Ставілася на мэце паскарэнне тэмпаў росту савецкай эканомікі, укараненне дасягненняў НТР і інтэнсіфікацыя вытворчасці, узвышэнне ролі творчай самастойнасці асобы. У адрозненне, напрыклад, ад Кітая, у якім рэфармавалася галоўным чынам эканамічная сфера, перабудова ў СССР была накіравана на маштабныя змены адразу ва ўсіх сферах, уключаючы дэмакратызацыю грамадства. Ініцыятарам перабудовы была КПСС, на канферэнцыях, з'ездах, пленумах ЦК распрацоўваліся мерапрыемствы па яе рэалізацыі ў жыцці. Асобнымі мерапрыемствамі перабудовы стала палітыка галоснасці, дзяржразліку, адраджэння прыватнай ініцыятывы ў рамках кааператыўнага руху. Палітыка галоснасці прадугледжвала паступовае адмаўленне ад кантролю КПСС за ідэалагічнымі працэсамі ў грамадстве. Цэнзура над публікацыямі была зменшана, дазволены сходы для абмеркавання палітычных працэсаў. Акрамя кантралюемых камуністычнай партыяй і ўрадам грамадскіх арганізацый сталі ўзнікаць самастойныя дыскусійныя клубы і нефармальныя аб'яднанні, у якіх можна было праявіць асабістую грамадскую ініцыятыву.

Першай тэмай для шырокага абмеркавання ў прэсе сталі культ асобы Сталіна і палітычныя рэпрэсіі 30 – пач. 50-х гг. Выкрыццё культу асобы Сталіна ў найвышэйшых партыйных органах сярэдзіны 50-х гг. мела адносна абмежаваны характар. Зараз жа грамадства атрымлівала ўсё больш інфармацыі пра жахі канцэнтрацыйных лагераў, пра рэпрэсіі супраць мільёнаў ні ў чым не вінаватых людзей. Важную ролю адыгрывалі літаратурныя і публіцыстычныя творы, у якіх паказваліся скалечаныя рэжымам лёсы. Узнавіліся працэсы рэабілітацыі бязвінна рэпрэсіраваных. Але яшчэ не дазвалялася рэзка крытыкаваць сучасную палітыку партыі.

Дзяржразлік (пераход прадпрыемстваў да самастойнага разліку затрат, прыбытку і аб'ёмаў прадукцыі) пачаў рэалізоўвацца з 1987 г. Але ва ўмовах штучна сфарміраваных цэн, не адпавядаўшых рэчаіснасці, гэта мерапрыемства не дало чаканага выніку. Адсутнічалі спецыялісты, здольныя эфектыўна выкарыстоўваць новыя магчымасці – менеджэры і маркетолагі. Іх у той час яшчэ нават не рыхтавалі. Акрамя дзяржразліку на прадпрыемствах для павышэння кантролю над якасцю прадукцыі ўводзілася дзяржаўная прыёмка (дзяржпрыёмка). Гэта мерапрыемства мела значны пазітыўны эфект, бо супрацоўнікі дзяржпрыёмкі не залежалі ад кіраўніцтва прадпрыемстваў.

У 1988 г. дзяржразлік на прадпрыемствах быў дапоўнены рэспубліканскім гасразлікам. Фактычна гэта азначала павелічэнне гаспадарчай самастойнасці рэспублік, у тым ліку БССР. Лічылася, што на месцах лепш бачна, як больш эфектыўна развіваць эканоміку без працяглых узгадненняў з цэнтрам. Але рэспубліканскі дзяржразлік прывёў да росту месніцкіх настрояў з боку рэспубліканскіх чыноўнікаў.

Дазвол прыватнай эканамічнай ініцыятывы таксама не прынёс доўгачаканага плёну. Меркавалася, што кааператывы дапамогуць дзяржаве забяспечыць насельніцтва дэфіцытнымі відамі прадукцыі, выпуск якой дзяржава не змагла самастойна арганізаваць. Але кааператары здолелі гэта зрабіць толькі часткова. Большасць з іх займалася пасрэдніцкімі аперацыямі ці працавала ў сферах паслуг і гандлю.

Страшэнныя экалагічныя і эканамічныя наступствы для ўсёй тэрыторыі Беларусі мела аварыя на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС), якая адбылася 26 красавіка 1986 г. На тэрыторыю Беларусі прыпала 70 % радыеактыўнага забруджвання. Асабліва ў цяжкім становішчы апынулася насельніцтва паўднёвага ўсходу БССР - усяго 2 100 000 чалавек. З абароту было выведзена 20 % сельгасугоддзяў і 14 % ляснога фонду. Толькі 4 мая 1986 г. было прынята рашэнне аб высяленні жыхароў трыццацікіламетровай зоны вакол ЧАЭС. Вынікі катастрофы ўсяляк замоўчваліся. Насельніцтва не атрымоўвала аператыўнай інфармацыі. У 1989 г. Вярхоўны Савет БССР прыняў праграму доўгатэрміновых дзеянняў па ліквідацыі наступстваў аварыі, разлічаную да 1995 г. Аднак цалкам яна так і не была выканана.

У 1988 – 1989 гг. ліквідацыя былых аўтарытарных механізмаў запалохвання і кантролю прывяла да таго, што ў рамках палітыкі галоснасці дэмакратычна настроеныя грамадзяне пачалі крытыкаваць сістэму кіраўніцтва партыі над выбарнымі органамі ўлады. Нарасталі нацыянальныя працэсы ў рэспубліках, з'явілася палітычная і нацыянальная апазіцыя, якая пачала заклікаць да выхаду з СССР. Кіраўніцтва асобных рэспублік прыслухоўвалася да гэтых заклікаў, наладжвала кантакты з апазіцыянерамі, збірала рэсурсы, неабходныя для набыцця самастойнасці.

У БССР працэс дэмакратызацыі грамадства ішоў значна больш марудна, чым у іншых рэспубліках. Тым не менш, тут таксама ўзнікалі апазіцыйныя арганізацыі – "Талака", "Тутэйшыя", "Паходня" і г. д. 24 – 25 чэрвеня 1989 г. ў Вільнюсе адбыўся ўстаноўчы сход Беларускага Народнага Фронту "Адраджэнне" (БНФ). Калі падчас першага сходу размова ішла галоўным чынам аб падтрымцы палітыкі перабудовы і галоснасці, дык на канферэнцыі БНФ 30 чэрвеня – 1 ліпеня 1990 г. ўжо адкрыта абвяшчалася аб немагчымасці дасягнення суверэнітэту і дэмакратыі ў складзе СССР.

У сакавіку – красавіку 1990 г. у БССР адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет рэспублікі, а таксама ў мясцовыя саветы. Упершыню за многія дзесяцігоддзі яны праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. 10 лютага 1990 г. на Усебеларускім дэмакратычным форуме быў створаны Беларускі дэмакратычны блок, які аб'ядноўваў прадстаўнікоў дэмакратычна арыентаваных арганізацый. У выніку ў зноў выбраным Вярхоўным Савеце з'явіліся апазіцыйныя фракцыі БНФ і "Дэмакратычны клуб". 27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. У тых умовах гэта былo хутчэй толькі пажаданнем. Аднак мела надзвычай важныя наступствы.

Між тым унутрыэканамічная і палітычная сітуацыя ў СССР значна пагоршылася. Пачаліся міжнацыянальныя сутыкненні. Фактычна ішла грамадзянская вайна паміж Арменіяй і Азербайджанам. Незалежнасць сваёй рэспублікі абвясціў парламент Літвы. Вясной 1991 г. антысавецкія мітынгі прайшлі і на Беларусі. М. Гарбачоў рабіў непаслядоўныя крокі ў вырашэнні канфліктаў. Так, выкарыстанне ваенных часцей супраць мірнага насельніцтва для вырашэння праблемы апазіцыйных настрояў не дало станоўчых вынікаў. Аўтарытэт саюзнага кіраўніцтва моцна аслаб. З цяжкасцю ішлі перагаворы з кіраўніцтвам рэспублік аб заключэнні новага саюзнага дагавора. Канчатковы лёс Савецкага Саюза вырашыў дзяржаўны пераварот у жніўні 1991 г. ў Маскве, які паказаў поўную бяздзейнасць цэнтральных уладаў.

У снежні 1991 г. на сустрэчы кіраўнікоў Беларусі, Расіі і Украіны, якая праходзіла ў Віскулях (Белавежская пушча) было прынята рашэнне аб дэнансацыі дагавора 1922 г. аб стварэнні СССР. Замест яго 8 снежня 1991 г. стваралася Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД), каардынацыйным цэнтрам якой стала сталіца Беларусі – Мінск.

 

Культура БССР у 1945 – 1991 гг.

 

За гады 2-й сусветнай вайны была знішчана амаль уся матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў навукі і культуры, не прыйшлі з вайны многія адукаваныя і прафесійна падрыхтаваныя людзі. У такіх умовах адразу пасля вызвалення пачынаецца культурнае аднаўленне БССР.

Але першыя пасляваенныя гады адзначыліся новай хваляй шырокамаштабных рэпрэсій на Беларусі, звязаных з дзейнасцю паплечніка Берыі Я. Цанавы. На 25 год лагероў была асуджана Ларыса Геніюш. Зноў арыштаваны пісьменнікі А. Александровіч, Б. Мікуліч, А. Пальчэўскі, С. Грахоўскі, С. Шушкевіч, А. Звонак і інш. У аснову кампаніі супраць інтэлігенцыі была пакладзена пастанова ЦК ВКП(б) "Аб часопісах "Звязда" і "Ленінград" (1946) і інш. Для актывізацыі барацьбы з "нацыяналізмам" і "касмапалітызмам" у БССР быў прысланы М. Гусараў. Крытыкаваліся як асобныя творцы (М. Танк, К. Буйло), так і цэлыя выданні. У скажэнні жыцця беларускай вёскі быў абвінавачаны і зняты з пасады рэдактара часопіса "Маладосць" аўтар аповесці "Дабрасельцы" А. Кулакоўскі. Наступленне накіроўвалася і на дзеячаў беларускай навукі. Ад яго пацярпелі прэзідэнт АН БССР А. Жэбрак (1947), славуты генетык, які не падтрымліваў лысенкаўскія метады ў біялогіі; наркам асветы П. Саевіч (1951), абвінавачаны ў "югаслаўскім шпіянажы". Ішоў працэс ідэалагізацыі ўсіх сфер жыцця. Рэальную ўладу ўтрымлівалі партыйныя камітэты. Узмацняліся русіфікатарскія тэндэнцыі ў палітыцы цэнтральных органаў улады, гэтаму спрыяла дзейнасць на Беларусі прысланых з Масквы партыйных і савецкіх работнікаў (асабліва пасля дыскусіі па мовазнаўстве ў 1950 г.).

Але адбывалася аднаўленне сістэмы адукацыі. Да 1950 г. ўдалося аднавіць даваенную сетку агульнаадукацыйных школ, ішло павелічэнне колькасці сярэдніх школ. Да сярэдзіны 50-х гг. быў завершаны пераход да ўсеагульнага сямігадовага навучання. У 1944 – 1945 гг. працавалі 22 ВНУ. Хутка адраджалася акадэмічная навука, флагманам якой стала аднавіўшая сваю работу ў 1944 г. АН БССР. К канцу 1950 г. ў рэспубліцы дзейнічала 77 навуковых устаноў.

Развіццё беларускай літаратуры ішло ў вельмі складаных умовах. Дыктат афіцыйнай ідэалогіі прывёў да таго, што многія літаратурныя творы вызначаліся бесканфліктнасцю і ідэалізацыяй савецкага ладу (раманы А. Стаховіча, М. Паслядовіча і інш.). Галоўная тэма – мінулая вайна (І. Мележ, М. Лынькоў, І. Шамякін…). Гэтаму ж былі прысвечаны і першыя пасляваенныя п’есы К. Крапівы, А. Маўзона, А. Кучара.

Тэатральнае мастацтва таксама адчувала на сабе ідэалагічы ўціск партыйнага кіраўніцтва. Калі ў сезоне 1944/45 гг. у БССР працавала 12 тэатраў, то ў 1950 г. іх засталося толькі 8. У касмапалітызме былі абвінавачаны тэатральныя рэжысёры В. Галаўчынер, Я. Рамановіч. Пачаліся нападкі на п’есы А. Макаёнка, оперу Я. Цікоцкага "Алеся", кампазітараў С. Пракоф’ева, Дз. Шастаковіча, А. Хачатурана, П. Падкавырава. У той жа час на сцэне ззялі таленты Б. Платонава, Г. Глебава, Л. Ржэцкай, Л. Аляксандроўскай і інш.

Адной з галоўных тэм мастацтва становіцца гераізм савецкіх людзей у гады вайны, увасабленне героя з багатым унутраным светам. Героіку савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны ўвасабляюць мастакі Я. Ціхановіч, І. Давідовіч, Я. Зайцаў, В. Волкаў. З пачатку 50-х гадоў пачынаюць набываць папулярнасць жанравыя карціны (Г. Бржазоўскі, А.і І. Ткачовы, П. Гаўрыленка). Ярка праявіўся талент скульптара З. Азгура. Ён стварае цэлую серыю партрэтаў гістарычных дзеячаў і герояў сучаснасці. Значным дасягненнем стаў ансамбль Плошчы Перамогі (1954), створаны З. Азгурам, А. Бембелем, А. Глебавым, С. Селіханавым.

Манументалізмам адзначаецца і пасляваенная архітэктура (кампазіцыі праспекта Скарыны, Прывакзальнай плошчы). Ствараюцца генпланы рэканструкцыі гарадоў. Значная ўвага надаецца аднаўленню прамысловых прадпрыемстваў і жылога фонду (пераважна малапавярховыя дамы). Такім чынам, асаблівасцю пасляваеннага развіцця культуры стаў ідэалагічны дыктат, барацьба з прагрэсіўнай інтэлігенцыяй, русіфікацыя. Але важна зазначыць, што адбылося аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы адукацыі, навукі і культуры.

Супярэчлівы характар насіла культурнае жыццё рэспублікі і ў далейшы перыяд: 50 – 80 гады ХХ ст. З аднаго боку, ішла дэмакратызацыя, звязаная з наступленнем "адлігі", рэабілітацыя дзеячаў навукі і культуры, аслабленне партыйнага ўціску, а з другога, — татальная русіфікацыя ўсіх сфер жыцця, абгрунтаваная тэзісам аб пабудове камуністычнага грамадства, дзе будуць зліты мовы і культуры ўсіх савецкіх народаў, агалцелы ваяўнічы атэізм, шаблоннасць. У адукацыі ў гэты час праходзіць некалькі рэформ. У 1958 г. адбываецца пераход да ўсеагульнага 8-гадовага навучання і ўвядзенне ў сярэдняй школе адзінаццацігадовага тэрміну з вытворчым навучаннем. Дзесяцігадовае навучанне вярнулася ў 1964 – 1984 гг., а ў 70-я гг. была ўведзена ўсеагульная сярэдняя адукацыя моладзі. У прафесійна-тэхнічнай адукацыі стваралася адзіная сістэма гарадскіх і сельскіх прафесійна-тэхнічных вучылішчаў. У 1950 г. ў БССР працавала больш за сто тэхнікумаў, 29 ВНУ. Але вышэйшая і сярэдняя спецыяльная адукацыя адзначалася экстэнсіўнасцю: пры пастаянным павелічэнні колькасці выпускнікоў не заўсёды захоўвалася якасць іх навучання.

Адной з адмоўных рыс адукацыі таго часу стала звужэнне сферы выкарыстання беларускай мовы. У БССР не было ніводнай сярэдняй і вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання. Бацькі атрымалі права вызваляць дзяцей ад вывучэння беларускай мовы ў школе. Дапускалася нават выкладанне беларускай мовы па-руску. У сярэдзіне 80-х гг. усяго каля 19 % дзіцячых садкоў і 23 % школ працавалі на беларускай мове. У выніку такой моўнай палітыкі стварыліся вельмі неспрыяльныя ўмовы для развіцця беларускай культуры.

Навука гэтага перыяду характарызуецца станаўленнем фундаментальных даследаванняў. У сістэме АН БССР адкрываюцца інстытуты фізікі і матэматыкі, генетыкі, цепла – і масаабмену і інш. Ствараюцца цэлыя навуковыя школы (у галіне звычайных дыфференцыяльных ураўненняў — школа Н.П. Яругіна, спектраскапіі і лазераў – Б.І. Сцяпанава, цепла- і масапераносу – А.В. Лыкава, тэарэтычнай фізікі – Ф.І. Фёдарава, антрапагенэзу – Г.І. Гарэцкага, кардыялогіі– Г.І. Сідарэнкі, вылічальнай матэматыкі – У.І. Крылова, геалогіі і тэктонікі – Р.Г. Гарэцкага). Шырока вядомымі ў свеце сталі біёлаг В. Купрэвіч, матэматык У. Платонаў, фізік М. Барысевіч. Пераважнае развіццё ў рэспубліцы атрымалі тэхнічная і фізіка-матэматычная навукі, што звязана з развіццём навукова-тэхнічнага прагрэсу. Аднак толькі нямногія навуковыя распрацоўкі знаходзілі прымяненне на практыцы. Складаная сітуацыя складваецца ў сферы гуманітарных навук: дагматызм, звышідэалагізацыя, работа "на заказ" вышэйшага парткіраўніцтва сустракаецца ў шматлікіх працах беларускіх гісторыкаў і грамадазнаўцаў.

У беларускім рэчышчы развіваецца літаратура. Узмацняецца яе сувязь з жыццём. Але захоўваецца ідэалагічнае кіраўніцтва, цэнзура, асабліва пашыраныя ў другой палове 60-х гг. У якасці вядучага жанру прозы ўсталёўваецца раман. Галоўнай застаецца тэма мінулай вайны, але зараз мастакі слова большую ўвагу надаюць раскрыццю ўнутранага свету чалавека ў такіх экстрэмальных умовах (раманы А. Адамовіча, В. Быкава, І. Навуменкі, І. Чыгрынава, дакументалістыка С. Алексіевіч і інш.). Гістарычная праблематыка таксама прыцягвае да сябе пільную ўвагу (раманы Л. Дайнекі, В. Іпатавай, У. Караткевіча, К. Тарасава, п’есы А. Макаёнка, А. Петрашкевіча).

Шмат твораў прысвячалася праблемам сацыялістычнай рэчаіснасці (Я. Брыль, Г. Далідовіч, К. Крапіва, І. Мележ, І. Шамякін). Паэзія адзначана творамі Р. Барадуліна, П. Броўкі, Н. Гілевіча, П. Глебкі, П. Панчанкі і інш. Беларускія літаратары цесна супрацоўнічалі з кінастудыяй "Беларусьфільм", якая аднавіла сваю работу ў 1944 г. Кожны год на ёй выпускалася каля 70 фільмаў розных накірункаў. Сярод найбольш вядомых — мастацкія стужкі "Міколка-паравоз", "Белыя росы", "Крушэнне імперыі", "Альпійская балада".

З 60-х гг. беларускія тэатры захапляюцца маральна-этычнай праблематыкай. Ставяцца п’есы беларускіх драматургаў (А. Дударава, А. Макаёнка, М. Матукоўскага), рускіх і сусветных класікаў, савецкіх аўтараў. Сусветнае прызнанне атрымлівае балетная трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра оперы і балета пад кіраўніцтвам В. Елізар’ева, свайго роду заснавальніка беларускай школы балета ("Стварэнне свету" А. Пятрова і інш.). К сярэдзіне 80-х гг. у БССР працавалі 2 музычныя, 6 лялечных, 9 драматычных тэатраў, але толькі тры з іх былі беларускамоўныя.

У музычным мастацтве развіваюцца жанры сімфоніі і інструментальнай музыкі (кампазітары У. Алоўнікаў, М. Аладаў, А. Багатыроў, І. Лучанок, У. Мулявін, П. Падкавыраў, Я. Цікоцкі). Наладжваецца цеснае супрацоўніцтва з тэатрамі (оперы М. Аладава, Дз. Лукаса, Р. Пукста, Дз. Смольскага, Ю. Семянякі). Кампазітары звяртаюцца да ваенна-патрыятычнай тэматыкі, увасаблення вобразаў рэальных гістарычных асоб. Большасць кампазітараў працуе ў розных жанрах. У 70 – 80-я гг. з’яўляюцца новыя тыпы музычных і танцавальных калектываў (вакальна-інструментальныя ансамблі "Песняры", "Верасы", "Сябры", фальклорна- харэаграфічны ансамбль "Харошкі").

Дзяржава садзейнічае масаваму развіццю самадзейнай мастацкай творчасці: многія аматарскія калектывы сталі вядомы далёка за межамі рэспублікі. У 1983 – 1985 гг. у БССР было створана 652 калектывы мастацкай самадзейнасці, якія аб’ядноўвалі 18 тысяч удзельнікаў.

У гады "адлігі" пачалі сваю працу таленавітыя мастакі А. Кішчанка, Я. Шчамялёў, Г. Вашчанка, У. Стальмашонак, М. Савіцкі. Пашыраецца так званы "суровы стыль", які праўдзіва адлюстроўвае жыццё (М. Савіцкі — цыкл "Лічбы на сэрцы", інш. работы). Пераважае ваенная (М. Данцыг, В. Грамыка) і гістарычная (А. Марачкін, Я. Шчамялёў) тэматыка. Ствараюцца цэлыя серыі партрэтаў знакамітых людзей Беларусі (З. Паўлоўскі, У. Стальмашонак, І. Ахрэмчык, В. Сахненка). У 50 – 60 гг. набывае папулярнасць новы жанр гарадскога пейзажа (П. Масленікаў, М. Данцыг), развіваецца нацюрморт (В. Жалток, Я. Радзялоўская, С. Каткова). Але многія мастакі, нязгодныя з заідэалагізаванасцю і стэрэатыпнасцю ў жывапісе, вымушаны былі пакінуць краіну і набылі шырокую вядомасць за яе межамі (В. Баброў, А. Ісачоў, Н. Паўлоўскі, Г. Хацкевіч). У выяўленчым мастацтве замацавалася сістэма творчых заказаў, што, безумоўна, зніжала ўзровень мастацкіх твораў. Беларуская графіка гэтага часу прадстаўлена серыямі па гісторыі і сучаснасці, з выкарыстаннем розных прыёмаў (работы У. Басалыгі, С. Геруса, В. Шаранговіча).

Значныя змены адбываюцца ў гэты час у архітэктуры. Пачынаецца масавае будаўніцтва жылля; распрацоўваюцца генпланы забудовы гарадоў, у якіх плануецца месца пад цэлыя жылыя раёны і мікрараёны. Распаўсюджваецца буйнапанэльнае будаўніцтва. Хуткія тэмпы, імкненне да зніжэння кошту жылля прывялі да тыпізацыі забудовы; гарады страцілі сваё адметнае аблічча. У 70-я гг. паступова пераадольваецца жорсткі рацыяналізм, выкарыстоўваюцца новыя праекты на аснове блок-секцыйных метадаў. Знешні выгляд гарадоў вызначаюць буйныя прамысловыя комплексы. Новым аб’ектам для беларускіх будаўнікоў становіцца сталічны метрапалітэн (з 1977 г.). Архітэктары працуюць над стварэннем мемарыяльных ансамбляў і комплексаў (манумент "Мінск — горад- герой", комплексы "Хатынь", "Брэсцкая крэпасць-герой", "Прарыў").

У той жа час у сярэдзіне 50-х гг. узмацнілася палітыка канфрантацыі дзяржавы ў адносінах да рэлігіі і вернікаў, што звязана з ідэяй пабудовы на працягу аднаго пакалення ў краіне камунізму, дзе рэлігіі няма месца. Пасля пастановы СМ СССР (1961) пачалася кампанія па масавым закрыцці і нават знішчэнні храмаў, рэпрэсіі ў адносінах да служыцеляў культаў.

Культура БССР сярэдзіны 50 – 80 гг. была цесна звязана з культурамі саюзных рэспублік і краін сацыялістычнага лагера. Ладзіліся тыдні і дэкады культуры Беларусі ў іншых краінах, фестывалі мастацтваў ("Дружба народаў", "Беларуская музычная восень" і інш.), на гастролі выязжалі славутыя беларускія творцы, умацоўваліся сувязі творчых саюзаў і мастацкіх калектываў.

Неад'емнай часткай агульнай беларускай культуры з'яўляецца культура беларускага замежжа. Далёка ад радзімы працуюць таленавітыя навукоўцы і творцы: нобелеўскі лаўрэат, вучоны І. Прыгожын, літаратары Н. Арсеннева, М. Сяднёў, М. Галіна (родны брат Я. Коласа), У. Дудзіцкі, Р. Жук-Грышкевіч, архітэктар і мастак М. Навумовіч, гісторыкі Я. Запруднік, В. Жук-Грышкевіч, літаратуразнаўца З. Кіпель, дырэктар Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку В. Кіпель і многія іншыя.

Такім чынам, беларуская культура перыяду 40 – 80 гг. прайшла вельмі складаны і цяжкі шлях праз празмерную ідэалагізацыю, партыйна-савецкае кіраўніцтва, класавы падыход. Абмяжоўвалася свабода творчасці, і, што найбольш цяжка для нацыянальнай культуры, выцісканне беларускай мовы было ўведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Культура, навука і адукацыя не атрымлівалі дастатковага фінансавання, што сур’ёзна адбілася на іх узроўні і якасці. У той жа час увесь свет ведае нашых навукоўцаў, літаратараў, мастакоў, акцёраў, што сведчыць аб глыбіні і высокім прафесійным узроўні культуры.

Информация о работе Першабытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі